Служба бяспекі Украіны назвала імёны 12 беларусаў-наймітаў, якія ваююць за прыватную вайсковую кампанію «Вагнэр».

Камітэт дзяржаўнай бяспекі распачаў праверку ў дачыненні названых беларусаў. Па законах Рэспублікі Беларусь, ім пагражаюць рэальныя турэмныя тэрміны за найміцтва – арт. 133 КК РБ.

У спісе з 12 чалавек – Аляксей Бярговін, які нарадзіўся ў Горках, але апошні час жыў у Мінску. Доўгі час быў афіцэрам беларускага спецназа, служыў у вайсковай частцы 3214. Пазней звольніўся і займаўся бізнесам як індывідуальны прадпрымальнік.

З красавіка 2015 года Бярговін ваяваў на Данбасе ў складзе 5-й батальённай-тактычнай групы «Рэспубліканскай гвардыі» так званай «Данецкай народнай рэспублікі». Меў розныя спецыяльнасці — ад кулямётчыка да інструктара.

Але сувязі з Беларуссю баявік не страціў – у прамежак паміж 2016 і 2017 годам Бярговін атрымаў дыплом аб другой вышэйшай адукацыі, завочна скончыўшы Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Як сцвярджае газета «Наша Ніва», ён прыязджаў на сесіі наўпрост з фронту.

У студзені 2019 года з’явілася інфармацыя, што Бярговін знаходзіцца ў Краснадарскім краі Расійскай Федэрацыі – менавіта там размяшчаецца трэніровачная база ПВК Вагнера. Мяркуецца, што пасля праходжання падрыхтоўкі ў Расіі, мужчына і адправіўся на вайсковую аперацыю ў Судан у якасці найміта.

ПВК Вагнэра — неафіцыйнае ўзброенае фармаванне, якое, паводле дадзеных СМІ, знаходзіцца пад апекай і кіраўніцтвам мільярдэра Яўгена Прыгожына. Расійскі бізнесовец і рэстаратар вядомы ў першую чаргу тым, што яго кампанія займалася арганізацыяй сілкавання найвышэйшых персонаў дзяржавы. З-за гэтага за Прыгожыным замацавалася мянушка «кухар Пуціна».

Улетку 2016 выданне «Фантанка.ру» звязала Яўгена Прыгожына з кіраўніцтвам ПВК Вагнэра. У 2014—2015 гадах прыватная вайсковая кампанія Вагнера брала ўдзел у сутыкненнях на тэрыторыях Данецкай і Луганскай «народных рэспублік». З восені 2015 года ПВК Вагнэра бярэ ўдзел у сірыйскай кампаніі. Пазней з’явілася інфармацыя пра з’яўленне наймітаў ПВК у Судане.