Магілёўскі абласны суд вынес рашэнне па справе Рамана Г.

29-гадовага жыхара Касцюковіч прызналі вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкіх ролікаў у сацыяльнай сетцы «УКантакце». У 2014 годзе Раман Г. апублікаваў у сваім акаўнце тры відэа, у якіх выяўляецца вострая непрыязь да жыхароў Каўказа: «Каўказцы вырашылі станцаваць лезгінку на мітынгу па забойстве рускага каўказцамі»; «Чаму я нацыяналіст» і «Расія для рускіх», паведамляе “Радыё Свабода”.

Суд прыйшоў да высновы, што мужчына адмыслова распальваў нянавісць у адносінах да людзей каўказскай нацыянальнасці і антыфашыстаў. За гэта Раману прысудзілі 2 гады і 1 месяц зняволення калоніі агульнага рэжыму. У падсуднага на волі засталіся жонка і дзіцё, таксама ён выхоўваў пасербку. Суд таксама прыняў да ўвагі, што ён раней ужо быў асуджаны.

Малады чалавек прызнаў сваю віну цалкам, адзначыўшы, што не ведаў пра крымінальную адказнасць за размяшчэнне відэа ў сацыяльных сетках.

Падчас следства Раман прызнаваўся, што сапраўды не любіць пэўную нацыянальную групу з-за інцыдэнту, які адбыўся, калі ён працаваў у Маскве. Быўшы ахоўнікам у адной з крам, сцвярджае мужчына, ён спыніў крадзеж алкаголю выхадцамі з краін Каўказа. За гэта яго нібыта вельмі моцна збілі, пасля чаго малады чалавек стаў зацятым рускім нацыяналістам.

Пасля гэтага пачаў шмат чытаць ксенафобскай літаратуры, дзе захапляўся змаганнем супраць розных рас у Расіі. Ён быў актыўным удзельнікам «Рускіх маршаў» — нацыяналісцкіх расісцкіх шэсцяў.