Суд Магілёўскай вобласці 9 красавіка прысудзіў 34-гадовага Арцёма Г. да 2 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую калонію за распальванне міжнацыянальнай і расавай варожасці, паведамляе «Радыё Свабода».

Падчас следства было ўстаноўлена, што магілёвец паміж 2010 і 2013 годам змясціў на сваёй старонцы «УКантакце» некалькі экстрэмісцкіх ролікаў – музычных кліпаў груп «Молатх», «Яравіт», Nordfront, а таксама апублікаваў некалькі пастоў неанацысцкага характару,

У большасці публікацый прапагандавалася імперская веліч Расіі, а таксама сцвярджалася перавага рускай нацыі над астатнімі. Апроч таго, там утрымлівалася дэманстрацыя нацысцкай сімволікі і вітання.

Матэрыялы заставаліся даступныя да прагляду да 2018 года, пакуль іх не прызналі экстрэмісцкімі рашэннем Ленінскага суда Магілёва.

У судзе мужчына часткова прызнаў сваю віну. Як ён кажа, ён быў часова ўзлаваны з-за інцыдэнту васьмігадовай даўнасці. Тады, як ён сцвярджае, з-за доўгіх валасоў яго збілі некалькі чалавек – выхадцаў з краін Каўказа.

Цяпер ён запэўнівае, што памяняў сваю пазіцыю і ніякай нянавісці да замежнікаў не адчувае.