Яны памыліліся.

У нумары газеты «Вячэрні Магілёў» за 19 лютага журналістка Галіна Васільева расказала пра ўстрывожанасць жыхароў дома №5 па вул. Сіманава. Яны звярнуліся ў выданне са скаргай на тое, што бяздомныя ў іх пад’ездзе спрычыніліся да ўсплеску туберкулёза.

– Слых пра масавы распаўсюд гэтага сур’ёзнага інфекцыйнага захворвання занепакоеныя мясцовыя жыхары звязалі з людзьмі без пэўнага месца жыхарства, якія ў халодную пару года ўладкоўваюць у пад’ездах «начлежку» і «шыраць заразу» сярод грамадзянаў, – паведаміў «ВМ».

Абласны і зонавы цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя аспрэчылі гэту інфармацыю. Галоўны лекар магілёўскага супрацьтуберкулёзнага дыспансэра Віктар Вараб’ёў заявіў, што ў пазначаным раёне няма масавага заражэння туберкулёзам.

Найбольш пашыраны шлях перадачы туберкулёзу — паветрана-кропельны. Для таго каб адбылося заражэнне, патрэбен цесны кантакт з хворым — не менш за 3-4 гадзіны знаходжання ў адным памяшканні, аднак нават гэта не гарантуе заражэння, — пракаментавала выпадак загадчыца аддзела эпідэміялогіі магілёўскага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Марозава.