Нягледзячы на ​​гэта, пасля звароту ў Генеральную пракуратуру старшыні ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага была сфарміравана камісія, якая даследуе дзеянні супрацоўнікаў міліцыі ў адносінах да рома ў Магілёве.

Нагадаем, што пасля інцыдэнту са смерцю лейтэнанта міліцыі Яўгена Патаповіча сілавікі ў ноч з 16 на 17 траўня правялі масавую аблаву ў месцах кампактнага пражывання цыганоў. Усяго ў мікрараёнах Чапаеўка і Грэбенёва было затрымана каля 100 чалавек. Пацярпелыя распавялі праваабаронцам і журналістам пра тое, што захоп суправаджаўся збіццём, абразамі і катаваннямі.

У адказ на гэта зрэагавалі беларускія праваабаронцы з “Вясны” – магілёўскае аддзяленне арганізацыі накіравала скаргу ў абласную пракуратуру, а старшыня Алесь Бяляцкі – у Генеральную.

Пасля гэтага была сфарміравана рабочая група па расследаванні сітуацыі.

4 чэрвеня генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк распавёў, на якім этапе цяпер знаходзіцца работа:

– Створана працоўная група, мы ўсе глядзім. Што самае цікавае, няма ні адной скаргі з цыганскага асяроддзя. Я быў тыдзень таму ў Магілёве. Ўдакладняў, як працуе група, – цытуе Канюка tut.by.

Генпракурор распавёў, што сустракаўся не з цыганамі, а з працоўнай групай: «Мы не сталі бударажыць людзей».

Па словах Канюка, працоўная група, якая складаецца з пракурораў, правяла шмат гутарак з цыганамі. Чакаецца, што праверка будзе доўжыцца месяц, пасля чаго будуць агучаны яе вынікі.