Уладзімір Ашмянскі тры гады таму вызваліўся з турмы. Там ён правёў 18 гадоў за забойства чалавека. Воля салодкай яму не паказалася – у яго няма жылля, ёсць інваліднасць трэцяй групы. 29 снежня няшчасця дадалося. Як ён распавёў «Радыё Свабода», напярэдадні Новага года яго моцна збілі ў мясцовым аддзяленні міліцыі.

Паводле яго слоў, адзін з супрацоўнікаў РАУС зрабіў яму заўвагу, што Ашмянскі часта ходзіць па вуліцы Крылова ў цэнтры горада, а гэта яму не падабаецца. Гэтага міліцыянта Ашмянскі не раз бачыў, але як клічуць, не ведае. Пенсіянер распавёў, што яго адвезлі ў пастарунак і там на працягу пяці хвілін білі нагамі. Каб не выклікаў хуткай дапамогі, распавёў пацярпелы, міліцыянты дасталі з тэлефона сім-карту. Тады ж, у пастарунку, знікла яго пасведчанне інваліда.

У траўмапункт Уладзімір Ашмянскі звярнуўся праз два дні, калі яму стала зусім дрэнна. Медыкі зафіксавалі ў яго цяжкія цялесныя пашкоджанні і паклалі мужчыну на аперацыю. У медустанове ён правёў два тыдні.

Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце збіцця Ашмянскага. Пры гэтым, як адзначыў сам пацярпелы, ніякіх дакументаў на рукі яму не выдалі.

Самі ж следчыя не вераць, што мужчыну збілі супрацоўнікі міліцыі:

– Падазраваным па крымінальнай справе прызнаны 49-гадовы жыхар Бабруйска, з якім у пацярпелага Ашмянскага напярэдадні была бойка, і які не звязаны ніякім чынам з органамі ўнутраных спраў, – цытуе «Радыё Свабода» прадстаўніка СК.

Фота – АБ, “Радыё Свабода”