Магілёўскі абласны суд разглядае справу ў дачыненні да 29-гадовага Рамана Г. па факце распальвання расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасці.

26 лютага пачаўся судовы працэс у дачыненні да жыхара Касцюковічаў Рамана Г. 21 снежня 2018 года яго затрымалі з-за размяшчэння ў сацыяльнай сетцы «Укантакце» экстрэмісцкіх матэрыялаў. Таксама яго вінавацяць у распаўсюдзе парнаграфіі, перадае карэспандэнт«Радыё Свабода».

Згодна з матэрыяламі справы, у 2014 годзе ён апублікаваў у сваім акаўнце тры відэаролікі, у якіх выяўляецца вострая непрыязнасць да жыхароў Каўказа: «Каўказцы вырашылі станчыць лезгінку на мітынгу па забойстве рускага каўказцамі»; «Чаму я нацыяналіст» і «Расія для рускіх».

Следства лічыць, што Раман Г. спецыяльна распальваў нянавісць у адносінах да людзей каўказскай нацыянальнасці і антыфашыстаў.

Малады чалавек прызнаў сваю віну цалкам, адзначыўшы, што не ведаў пра крымінальную адказнасць за размяшчэнне відэа ў сацыяльных сетках.

Падчас следства Раман прызнаўся, што сапраўды не любіць пэўную нацыянальную групу з-за інцыдэнту, які адбыўся, калі ён працаваў у Маскве. Будучы ахоўнікам у адной з крамаў, сцвярджае мужчына, ён спыніў крадзеж алкаголю выхадцамі з краін Каўказа. За гэта яго нібыта вельмі моцна збілі, пасля чаго малады чалавек стаў заўзятым рускім нацыяналістам.

У Расеі ён стаў актыўным удзельнікам «Рускіх маршаў» – нацыяналісцскіх ксенафобных шэсцяў.

Апошнім часам Раман жыве ў Беларусі. Жанаты, мае дзіця і дапамагае выхоўваць пасербку. Мае тры судзімасці за крадзяжы.

Бок абвінавачвання папрасіў суд пакараць мужчыну двума гадамі і сям’ю месяцамі зняволеньня ў калоніі агульнага рэжыму.