У другой палове дня з ІЧУ Магілёўскага аблвыканкама вызвалілі два дзесяткі чалавек.

«Радыё Свабода» паведаміла аб вызваленні каля 20 цыган з ізалятара часовага ўтрымання каля 4 гадзін дня 19 траўня. Па іх словах, на большасць завялі адміністрацыйныя справы за дробнае хуліганства, аднак ці былі аформлены адпаведныя пратаколы – невядома.

Большасць скардзіцца на грубае абыходжанне міліцыі – шмат каго зьбівалі прама падчас затрымання. Пазней, затрыманых апыталі па справе аб забойстве інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча. Таксама былі правераныя іх мабільныя тэлефоны. Некаторым казалі пра тое, што «цяпер цыганам» жыцця не будзе.

Нагадаем, увечары 16 траўня ў Магілёве знік інспектар дзяржаўтаінспекцыі, лейтэнант міліцыі Яўген Патаповіч. З 17.30 да 18:20 ён выбыў на месца ДТЗ. У 18.27 ягоныя калегі атрымалі нібыта ад яго паведамленне па Viber: “Тэрмінова. Чорная “волга”. Тры цыгана. Рэгістрацыйны знак – рускі“. Пасля гэтага ён знік з табельнай зброяй.

Згодна з арыентыроўкай, афіцэра павезлі на легкавым аўтамабілі ГАЗ (“Волга”) з наглуха танаваным шклом і рэгістрацыйнымі нумарамі Расіі. Гаворка ідзе пра аўтамабіль чорнага колеру, нумары – 67, 68 або 69 рэгіён Расіі.

Каля 20:45 яго знайшлі забітым у лесапаласе паміж Магілёвам і Шкловам. Следчы камітэт распачаў справу, па ўсёй краіне ўведзены план-перахоп. На дадзены момант інфармацыі аб затрыманні забойцаў няма.

Каля 21 гадзіны ў мікрараёнах Грэбенёва і Чапаеўка, дзе кампактна пражываюць цыганы, адбыліся аблавы.

Было затрымана да 100 чалавек, у тым ліку і жанчын. Пазней пад вартай пакінулі толькі мужчын.