У дачыненні да анархіста, былога палітвязня Змітра Паліенкі завялі новую крымінальную справу. Яго вінавацяць у тым, што 3 сакавіка ён распыліў у твар незнаёмага мужчыны газ з газавага балончыка за тое, што той зрабіў яму заўвагу пра курэнне на лесвічнай пляцоўцы.

Сяброўка Паліенкі Анастасія Гусева расказала сайту «ПЦ Вясна» як усё адбывалася:

– Прыкладна тыдзень таму Дзіма чакаў свайго сябра на лесвічнай клетцы і да яго стаў чапляцца п’яны агрэсіўны мужчына. Тому проста не падабалася, што ён там стаіць. Ён абражаў Дзіму, а потым стукнуў яго па твары. Тады Дзіма распыліў пярцовы балончык, – расказала дзяўчына.

Раніцай 20 сакавіка ў кватэру Паліенкі з ператрусам уварваліся людзі з аўтаматамі, у бронекамізэльках і масках. Маладога чалавека адразу павалілі на падлогу тварам уніз і надзелі кайданкі.

Ператрус у кватэры Змітра доўжыўся каля гадзіны. У актывіста вынялі ўсю тэхніку (кампутар, мабільны тэлефон), літаратуру, улёткі, налепкі і г. д.

У Анастасіі Гусевай, якая знаходзілася ў той момант у кватэры, таксама вынялі мабільны тэлефон. Паводле слоў актывісткі, уся ўвага сілавікоў была скіравана менавіта на літаратуру і іншыя друкаваныя матэрыялы, якія знайшлі ў Паліенкі. Усе іх пытанні былі пра гэта, а акалічнасці справы іх не цікавілі.

Вядома, што крымінальная справа заведзена па ч. 3 ст. 339 КК – злоснае хуліганства. Па гэтым артыкуле Паліенкі пагражае до 10 гадоў.

Зміцер Паліенка выйшаў на волю менш года таму. Са жніўня 2017 года па кастрычнік 2018 года ён утрымліваўся ў бабруйскай ПК №2 па абвінавачванню  ў «гвалце ў дачыненні супрацоўніка праваахоўных органаў». Пры гэтым выразных довадаў віны Паліенкі ў судзе прыведзена не было.