У адмысловым праекце “Радыё Свабода” пра праблемы МУС сваімі назіраннямі падзяліўся былы капітан міліцыі з Магілёва Аляксандр. З 2016 года ён працуе таксістам.

Усе фота маюць ілюстрацыйны характар, vk.com/uvd_mogilev

— Пасьля школы я зьбіраўся ісьці ў войска, але мне параілі паступіць у Магілёўскі інстытут унутраных спраў. Я падумаў: чым дрэнна? І два гады адвучыўся па спэцыяльнасьці «Апэратыўна-вышуковая дзейнасьць». У мяне была падзяка ад Шуневіча. За аўтарскую песьню пра службу. Я з патрыятычных пачуцьцяў і гонару за дзяржаву напісаў яе, калі вучыўся ў інстытуце. На той момант я яшчэ шмат чаго ня ведаў пра сапраўдную міліцыю.

Пасьля выпуску, на службе, я пачаў разумець стаўленьне народу да міліцыі. Пра што можна казаць, калі людзі вырашаюць нейкія спрэчныя пытаньні і імкнуцца абыходзіцца безь міліцыі.

Я пайшоў адпрацоўваць на раён. Тры з паловай гады праслужыў у раённым упраўленьні ўнутраных спраў. За ўвесь час працы — суцэльны нэгатыў. Праца была цікавая, я вёў наркотыкі і пэдафілію. Але потым ты прыходзіш да начальніка, і табе кажуць, што дрэнна працуеш. І калі ты нешта прапануеш, цябе ніхто ня слухае. Няважна, што ты спрабуеш працаваць па законе, па інструкцыях. На раёне вырашае пан начальнік упраўленьня ўнутраных спраў. Усё па яго волі.

Для мяне было шокам, што прыніжэньні супрацоўнікаў — гэта норма ў міліцыі. Калі нешта няправільна зрабіў, скажы, патлумач. Але я выслухоўваў публічныя абразы перад усім асабістым складам упраўленьня. Гэта пад 100 чалавек.

АБ МАСАВЫХ ФАЛЬСІФІКАЦЫЯХ У ПРАТАКОЛАХ

Я звольніўся празь невыносныя ўмовы працы. І такіх, як я, вельмі шмат. Калясальна шмат моладзі сыходзіць зь міліцыі. Хоць хлопцы туды ідуць не самасьцьвярджацца. Калі хлопцы паступаюць у інстытут ці акадэмію МУС, яны хочуць быць карыснымі грамадзтву. Як у кіно паказваюць — лавіць бандытаў. Тых, хто замінае спакойнаму жыцьцю.

А потым ты прыходзіш, і табе загадваюць фальсыфікаваць адміністрацыйныя справы. «Палачная сыстэма» — вялікая загана сыстэмы МУС. Вось узяць краіны Эўропы. Калі ў раёне няма здарэньняў, то брава паліцыі, яна добра выконвае сваю працу. Калі ў нас на ўчастку няма выяўленых злачынстваў па паказьніках, гэта значыць, што міліцыя дрэнна працуе. Цябе пазбавяць прэміі, вынесуць вымову. Я не кажу пра маральныя рэпрэсіі.

Напрыклад, плян па пешаходах бяз флікераў. Усе сілы кідаюць, каб выканаць паказьнік. Складаюць рапарты, старэйшыя іх сыстэматызуюць і дакладаюць у Менск.

Вядома, нельга наўпрост казаць, што міліцыя прадукуе правапарушэньні. Бо злачынствы ёсьць заўжды. Яны здараюцца кожную сэкунду. Але бываюць такія моманты, калі ва ўчастковага добрая абстаноўка на раёне. Ён з усімі падтрымлівае добрыя стасункі, у яго чыста. Людзі яго паважаюць. А яму кажуць — з твайго ўчастку няма паказьнікаў самагону. А калі іх рэальна няма, адкуль іх узяць? Зразумела, недзе ў прыватным сэктары гэта можа быць. Але мы ў горадзе. Тут адны шматпавярховікі. Адкуль тут самагоншчыкі? Але ёсьць загад ад начальніка, і супрацоўнікі фальсыфікуюць справы, каб не пазбавіцца прэміі.

Яны знаходзяць чалавека, які мае судзімасьць. Яму няма чаго губляць. Былыя зэкі ці амаральныя тыпы. Міліцыянт яму кажа: «Я цябе ня буду прэсаваць, але давай прыму цябе з самагонам і складу пратакол». Афармляецца такая ліпа, і статыстыка выконваецца.

І большасьць гарадскіх самагоншчыкаў — гэта фікцыя.

АБ УЗРОЎНІ ПАДРЫХТОЎКІ СУПРАЦОЎНІКАЎ МУС

Мяне шакавала прафэсійная падрыхтоўка ў міліцыі. То бок — яе адсутнасьць. Ведаеце, колькі ў нас было агнявой стральбы? Адзін-два разы ў квартал па тры патроны. Праводзіць заняткі зампаліт, які сам не трапляе ў мішэнь. Калі каго няма, за іх расьпісаліся, што яны таксама стралялі. Вядома, што начальнік РАУСу ў курсе справы. Але чаму кіраўніцтву выгадна, каб у яго працавалі непрафэсійныя людзі? Гэта дзіўна.

Няма нармальнай мэдычнай падрыхтоўкі. За мяжой у паліцэйскіх узровень даўрачэбнай падрыхтоўкі — як у кваліфікаваных лекараў. Так і павінна быць. У нас гэтаму ня вучаць. Замест практычных заняткаў мы штомесяц пішам тэмы на занятках па ідэалёгіі.

Гэта так званыя дні інфармаваньня. У першы чацьвер месяца ты прыходзіш на працу а 8-й і да 12-й пішаш канспэкт, пад дыктоўку нампаліта. А потым прыедзе праверка, як у школе, і будзе праглядаць канспэкты. Калі ў цябе ня будзе хоць адной тэмы ці выразкі з газэты — мінус прэмія.

Правяраючыя і служба асабістай бясьпекі — гэта такія заградатрады, атрады СМЕРШ НКВД. Яны працуюць ня дзеля таго, каб абараняць супрацоўнікаў, а каб надзерці іх мацней. Любым спосабам. Каб паказаць сваю патрэбнасьць. Бо ў іх свае «палкі» — свае пляны на выкрываньні і вымовы.

Вось каго трэба скарачаць у міліцыі. Правяраючых і РАУСы ўсіх узроўняў зь непатрэбнымі пасадамі. Бо гэтыя хлопцы толькі ўскладняюць жыцьцё звычайных супрацоўнікаў, якія спрабуюць добра рабіць сваю працу. З аднаго боку, трэба сачыць за парадкам, з другога — пісаць незьлічоныя рапарты, а яшчэ ўвесь час трэсьціся перад правяраючымі.

АБ СМЕРЦІ ЯЎГЕНА ПАТАПОВІЧА

У такіх умовах маладыя ці сыходзяць, ці зь імі здараюцца такія трагічныя сытуацыі, як зь Яўгенам Патаповічам. Я не хачу хайпіцца на касьцях. Але і маўчаць не магу пра гэты выпадак. І няважна, ці гэта было забойства, ці суіцыд. Калі б працавала сыстэма, гэтага не магло б здарыцца.

Ён быў супрацоўнікам, які праслужыў менш за год. Па ўнутраных інструкцыях ён павінен мець настаўніка. Гэта афіцэр-куратар, які асабіста замацоўваецца за кожным маладым міліцыянтам. Ён павінен вучыць навічка практычным рэчам.

Па правілах яны павінны разам заступаць на службу і разам працаваць. Ад раніцы разам прадуліся ў трубачку, праслухалі інструктаж, арыенціроўкі, атрымалі зброю. Ім «нарэзалі» задач на дзень.

А што тут здарылася? Супрацоўнік да году. Ён застаўся адзін і са зброяй. Гэта парушэньне загаду аб парадку нясеньня службы супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. Са зброяй ён адзін ня мог быць. Ні пры якіх умовах. Калі ў настаўніка, дапусьцім, быў «адсыпны», то мусіў побач быць іншы напарнік. Бо любы нарад складаецца з двух чалавек. Якія б кадравыя складанасьці ні былі.

На раёне, калі мы працавалі, супрацоўнікаў ДАІ сапраўды мала. І тады нас, супрацоўнікаў РАУС, давалі ў дапамогу. Я сам працаваў як звычайны апэратыўнік, а ўвечары ішоў у дапамогу супрацоўнікам ДАІ на падстрахоўку.

А гэтага хлопца проста не навучылі. У яго мусіў быць настаўнік, які б навучыў практычнай стральбе, навучыў бы дзейнічаць у экстрэмальных сытуацыях, навучыў бы псыхалёгіі.

Учора ўвечары я быў на вакзале. Сяржанцік-хлопчык ходзіць. Падыходжу, бачу страх у вачах. «Сяржант, а дзе напарнік твой?» — пытаюся. «На абедзе», — адказвае. «Уначы? Ты кабуру сваю на правую нагу перасунь, калі ты праўша. Бо ззаду ты не дастанеш у выпадку чаго. Шчасьлівай табе службы, і глядзі па баках», — кажу яму.

Разумееце, гэты выпадак — гэта ўдар пад дых усёй сыстэме. Вельмі шкада будзе, калі ніхто ня зробіць з гэтага ніякіх высноваў.