Магіляўчанка Валянціна Крачкоўская апублікавала на сваёй старонцы ў «УКантакце» фатаграфію аб’явы пра загон школьнікаў на выставу пра расійскага цара Мікалая II. Яе арганізавала Магілёўская епархія.

«Увага! Класным кіраўнікам 7–9 класаў арганізаваць з 5 па 14 красавіка наведанне выставы «Царская сям’я. Узыходжанне» на базе Магілёўскага абласнога музея імя П.В. Масленікава», – пазначана ў аб’яве.

Здаецца, магілёўскіх школьнікаў сілай заганялі на выставу пра царскую сям’ю Мікалая II (ФОТАФАКТ)

Начальства таксама запатрабавала ад настаўнікаў паведаміць пра колькасць дзяцей, якія схадзілі на выставу. Мяркуючы па ўсім, гаворка ў аб’яве йшла пра сярэднюю школу №42.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай працы СШ №42 Ганна Ціханава ў каментары для «Радыё Свабода» аспрэчыла, што гэта гвалтоўны загон школьнікаў. Па яе словах, загаду настаўнікам весці дзяцей на выставу не было.

«Гэта гучыць як парада», – сказала намеснік дырэктара. Па яе словах, наведванне выставы «рэкамендавана» у пазашкольны час і залежыць ад жадання класнага кіраўніка і дзяцей. Ціханава сцвярджае, што гэта – «выхаваўчае мерапрыемства».

Без адказу засталіся пытанні, чаму магілёўскія вучні павінны ўбачыць выставу і колькі чалавек там пабывала.