1 красавіка ў Магілёўскім абласным судзе пачаўся працэс над 34-гадовым магілёўцам Арцёмам Г. Паміж 2010 і 2013 годам ён размясціў на сваёй старонцы «УКантакце» некалькі экстрэмісцкіх ролікаў – музычных кліпаў гуртоў «Молатх», «Яравіт», Nordfront, а таксама апублікаваў некалькі пастоў неанацысцкага характару, паведамляе «Радыё Свабода».

У большасці публікацый прапагандуецца імперская веліч Расіі, а таксама распавядаецца пра перавагу рускай нацыі над астатнімі. Апроч таго, там утрымлівалася дэманстрацыя нацысцкай сімволікі і вітання.

Матэрыялы заставаліся даступнымі да прагляду да 2018 года, пакуль іх не прызналі экстрэмісцкімі рашэннем Ленінскага суда Магілёва.

Тады ж у дачыненні да Арцёма Г. узбудзілі крымінальную справу па ч. 1 арт. 130 «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці розні».

У судзе мужчына часткова прызнаў сваю віну. Як ён кажа, ён быў часова азлоблены з-за інцыдэнту васьмігадовай даўнасці. Тады, як ён сцвярджае, з-за доўгіх валасоў яго збілі некалькі чалавек – выхадцаў з краін Каўказа.

Цяпер ён запэўнівае, што памяняў сваю пазіцыю і ніякай нянавісці да замежнікаў не адчувае.

У 2017 годзе на Арцёма Г. ужо заводзілі справу за прапаганду нацысцкай сімволікі – праўда, у рамках Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Тады суд Ленінскага раёна Магілёва пакараў яго 180 гадзінамі грамадскіх прац. Цяпер падсуднаму максімальна пагражае до пяці гадоў пазбаўлення волі.

На дадзены момант па ініцыятыве пракуратуры ў працэсе абвешчаны перапынак.