Магілёўскі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк, які, паводле дадзеных ЦВК, пераабраны на другі тэрмін, збіраецца падаць іск у суд да некаторыя медыя і каментатараў у Інтэрнэце.

Як паведамляе Еўрарадыё, ён збіраецца пакараць СМІ і каментатараў за “абразлівыя выказванні ў яго адрас і ў адрас давераных асоб“.

За кожную абразу, за кожную фальсіфікацыю і скажэнне зместу тэкстаў. Абразы людзей: маіх давераных асоб, мяне асабіста. Яны ўсе адкажуць, адкажуць праз суд. Яны ж лічаць, што інтэрнэт — гэта сцяна, на якой яны могуць пісаць. Я і тут планую быць першапраходцам. Калі ідзе абраза людзей, выкарыстанне блатной фені, гебельскія методыкі расчалавечвання. Хай яны расчалавечваюць сябе і на сваіх пляцоўках, – заявіў Марзалюк.

У першую чаргу Ігар Марзалюк пакрыўдзіўся на тэлеканал “Белсат”. Дэпутата вельмі зачапіла, што падчас выбарчай кампаніі яго давераных асобаў “называлі лысымі мужыкамі”.

Калі ў вусны дырэктара школы ўкладалі словы, што ”на маім участку пераможа Марзалюк”, а яна гэтага не казала. Калі маё прозвішча каверкалі. Наконт таго, хто каго любіць ці ненавідзіць, будзем разбірацца ў судах, —  – паабяцаў дэпутат.

Пазней ён збіраецца апублічыць ўвесь спіс СМІ, да якіх у яго назапасіліся прэтэнзіі.