У Веснаўскім доме-інтэрнаце ў Глускім раёне ў працаўніцы ўстановы была дыягнаставана каранавірусная інфекцыя.

Як высветліла «Радыё Свабода», адна з санітарак здала станоўчы тэст на COVID-19. Перад гэтым яна не з’яўлялася ў інтэрнаце на працягу 5 дзён. Вядома, што ў дом-інтэрнат прыязджаў інфекцыяніст з Магілёва.

Дырэктар установы Вячаслаў Клімовіч у каментары для «Радыё Свабода» пацвердзіў факт заражэння:

– Так, у нас ёсць працаўніца, якая захварэла на каранавірус. Санітарка цяпер у бальніцы. За сітуацыяй сочаць ўсе службы.

Па словах Клімовіча, санітарку забралі ў бальніцу, калі яна збіралася выходзіць на змену. Да гэтага яе не было на працы 5 дзён. Ці працавала яна ў інтэрнаце з вірусам, дырэктар дакладна не ведае.

Пазней TUT.by паведаміў аб тым, што 18 дзяцей былі ізаляваны. У самым доме-інтэрнаце правялі санітарную апрацоўку.

Усяго ва ўстанове пражывае 174 дзіцяці. Ва ўсіх – асаблівасці псіхафізічнага развіцця. У большасці з іх бацькі пазбаўлены бацькоўскіх правоў, некаторыя бацькі адмовіліся ад сваіх дзяцей і кінулі іх у радзільным доме.