Музей гісторыі Магілёва прэзентаваў рэдкі экспанат – сярэднявечны меч рыцара, які быў знойдзены ў рацэ Віхра каля Мсціслава.

У 2013 годзе ў гэтым месцы знайшлі даспехі рыцара канца XV ​​- пачатку XVI стагоддзяў. Знаходка стала археалагічнай сенсацыяй з-за ўласнай старажытнасці і стану. Азмрочыла карціну тое, што прапаў рыцарскі меч, які быў вывезены за мяжу краіны.

Праз сем гадоў ён быў знойдзены на адным з еўрапейскіх аўкцыёнаў і выкуплены за 15 тысяч рублёў з дапамогай бюджэтных сродкаў і спонсарскай дапамогі.

Прэзентацыя прайшла 15 студзеня ў Ратушы. Акрамя дырэктара Музея гісторыі Магілёва Аляксея Бацюкова выступіў доктар гістарычных навук, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк. Як перадае 6tv.by, акрамя гістарычнай даведкі, парламентарый чамуьсці выдаў агрэсіўны спіч у дачыненні да праціўнікаў беларускай улады.

 – Кажу для тых, хто паталагічна ненавідзіць сучасную беларускую дзяржаву і паталагічна ненавідзіць сучаснае беларускае кіраўніцтва – для беларускай дзяржавы ўсе моманты яе гісторыі і гістарычнай памяці – святыя. І ўсе эпохі, – цытуе Марзалюка 6tv.by.

І магілёўскія ўлады, і мсціслаўскія улады, і Магілёўскі аблвыканкам зрабілі і для музеефікацыі, і для захавання гэтых даспехаў, і патрацілі сродкаў і дзяржаўных, і бюджэтных столькі, колькі не адзін халуй, ілгун і мярзотнік, які жыве за кошт чужых амбасадаў і корміцца за чужы кошт, не зрабіў, бо не патраціў ніводнага цэнта. Я ўдзячы ўсім тым, хто любіць краіну не проста на словах, а на справе. І магілёўская ўлада чарговы раз прадэманстравала гэту любоў. Тое, што мы называем нашай агульнай гістарычнай памяццю, нашай нацыянальнай салідарнасцю. Бо з гістарычнай памяці нельга выкінуць ніводнага сегмента нашай гісторыі, нашай традыцыі, нашага мінулага, – заявіў дэпутат.

Фота – Алесь Сабалеўскі, 6tv.by