Следчы камітэт расследуе справу магілёўцаў, якія, магчыма, рабілі самасуд над «нацыстамі»

Двое хлопцаў, аднаму з якіх 21 год, а другому – 27 гадоў, разам з 19-гадовай дзяўчынай высочвалі ў інтэрнэце «неанацыстаў», каб самім распраўляцца з імі, паведамляе tut.by са спасылкай на прэс-службу абласнога ўпраўлення Следчага камітэта.

Паводле дадзеных, у жніўні 2018 года маладыя людзі звязаліся ў інтэрнэце з 17-гадовым хлопцам, які, па іх думцы, падзяляў нацысцкую ідэалогію. Пасля недоўгачасовага ліставання яны сустрэліся ў двары дома, пасля чаго супраць ахвяры скарысталі пярцовы балончык, а потым зацягнулі ў закінуты будынак. Маладога чалавека сілай утрымлівалі і прыстрашылі расправай.

Апроч таго, паводле следства, хлопцы з тройцы «паляўнічых за нацыстамі» бралі ўдзел яшчэ ў двух падобных самасудах – за пару месяцаў да жнівеньскага інцыдэнту яны збілі дваіх чалавек. Дзяўчына ў гэтым не брала ўдзел.

Усіх траіх падазраюць у хуліганстве і незаконным пазбаўленні волі іншых асобаў.