У СШ №8 настаўніца беларускай мовы нават адсочвала, хто падпісаны на апазіцыйныя паблік Укантакце.

Телеграм-канал Сцяпана Святлова апублікаваў скрыншоты з Viber-чата, у якім жанчына, падпісаная як «Наталля Леанідаўна класная» у загадным тоне патрабуе ад некалькіх вучняў магілёўскай СШ №8 адпісацца ад апазіцыйнага пабліка Укантакце STOP LUKA.

У выпадку непадпарадкавання, яна абяцала школьнікам праблемы – ад выключэння з навучальнай установы да пастаноўкі на ўлік у міліцыю. Пазней высветлілася, што на вучняў ціснула класная кіраўніца 8-Б класа магілёўскай сярэдняй школы №8 Наталля Прасаловіч.

Згодна з інфармацыяй тэлеканала БелСАТ, запалохванне ініцыявала ня сама настаўніца, а намесніца дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Церахава.

Адсочванне ў сацыяльных сетках пачалося з таго, што адзін з вучняў 8-Б стварыў старонку Укантакце з фота Аляксандра Лукашэнкі і перадрукаваў артыкул аб «дармаедах», якія пачалі ў поўнай меры плаціць за гарачую ваду, а ў статусе напісаў: «Дэмакратыі няма».

Пра гэта, нібыта, даведалася завуч і запатрабавала ад Прасаловіч напісаць у чат і разабрацца з праблемай.

Пазней вучняў 8-11 класаў сабралі ў актавай зале, дзе завуч заявіла, што апазіцыя ў Беларусі забароненая, а за «абразу» Лукашэнкі можа пагражаць 8 гадоў турмы (феерычная хлусня – прым.MSPRING.ONLINE).

Школьніка, які стварыў старонку з фота Лукашэнкі, выклікалі на прафілактычную нараду да дырэктара і запатрабавалі, каб той не прымаў удзел у апазыцыйных мітынгах.

У адваротным выпадку яму абяцалі праблемы – у тым ліку і звальненне бацькоў з іх працоўных месцаў.

У школе інцыдэнт каментаваць адмовіліся.