Экс-старшыня гарсавета Андрэй Кіблоў аказаўся больш патрэбным на пасадзе генеральнага дырэктара ўпраўлення камунальных прадпрыемстваў.

21 сакавіка Магілёўскі гарадскі Савет дэпутатаў абраў сабе новага старшыню. Ім стаў начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і сборах Рэспублікі Беларусь па Кастрычніцкім раёне г. Магілёва Максім Гурын, паведаміў рэдактар газеты «Веснік Магілёва» Павел Савельеў.

Яго абралі дэпутатам па Рагачоўскай выбарчай акрузе №31. На выбарах у лютым 2018-га ў яго быў толькі адзін канкурэнт – Аляксей Драніца, начальнік аднаго з аддзелаў на «Бабушкінай крынцы». Згодна з дадзенымі выбарчай камісіі, Гурын набраў 4421 голас супраць 1122 голаса за Драніцу.

Змена старшыні гарсавета наспела з-за крызісу ўпраўленчых кадраў ва ўпраўленні камунальных прадпрыемстваў. У арганізацыі была вакантнай пасада генеральнага дырэктара, якую старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў і прапанаваў заняць Кіблову. МДКУП «Упраўленне камунальных прадпрыемстваў» каардынуе працу ўсіх 12 камунальных прадпрыемстваў Магілёва.

Кандыдатуру Гурына на ролю галавы гарсавета ўнёс сам Кіблоў. Натуральна, за яе прагаласавалі аднагалосна. Старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў заявіў, што Гурын – добры выбар, бо ён «ведае і хварэе за Магілёў».

Зрэшты, для грамадзянаў наўрадці штосьці зменіцца – праца гарадскога Савету дэпутатаў у апошнія гады амаль незаўважная.

Фота – «Веснік Магілёва»