Прэс-служба прадпрыемства звінаваціла «псеўдаэколагаў» і актывістаў у інфармацыйнай вайне супраць завода.

Супрацьстаянне жыхароў Вейна і Магілёва з заводам па вытворчасці тэхнічнага вугляроду «Омск Карбон Магілёў» набірае ход. Пасля выкіду сажы ў лістападзе 2018 года актывісты пачалі актыўнае ліставанне з дзяржаўнымі органамі з патрабаваннем назаўжды спыніць працу прадпрыемства ці ж перанесці яго ў іншае месца.

Падчас сустрэчы 25 студзеня ў Вяйнянскім сельсавеце, яны сустракаліся са службоўцамі, прадстаўнікамі санэпідслужбы, эколагамі з дзяржструктур. Як паведамляе журналіст TUT.by Анжаліка Васілеўская, ініцыятыўнай групе грамадзянаў паабяцалі экскурсію на «Омск Карбон Магілёў» пасля запуску прадпрыемства. Аднак тыя настойвалі на наведванні хуткім часам, прытым людзі запатрабавалі пусціць з імі незалежных эколагаў. Дату сустрэчы, паводле слоў вяскоўцаў, прызначылі на 12 лютага. Аднак у выніку прадпрыемства адмовілася пускаць актывістаў, эколагаў і журналістаў. Мясцовыя жыхары падтрымалі іх і таксама адмовіліся ад наведання.

Зараз жа «Омск Карбон» заявіў праз сваю прэс-службу, што нікога ні на якую экскурсію яны не чакалі. І ўвогуле – усё гэта інфармацыйнае змаганне супраць расійскага прадпрыемства.

-ЗТАА „Омск Карбон Магілёў“ паведамляе, што не атрымлівала ніякіх прапаноў ні ад грамадзянаў, ні ад уладаў пра правядзенне 12 лютага 2019 года якіх-небудзь сустрэч ці экскурсій па будаўнічай пляцоўцы, – адзначылі на прадпрыемстве.

Прэс-служба завода звінаваціла актывістаў і ініцыятараў імпрэзы ў тым, што яны ашукалі жыхароў, а цяпер «падаюць гэта так, што «Омск Карбон Магілёў» адмовіўся некага пускаць на свае аб’екты».

– Мяркуем, што такія дзеянні з’яўляюцца часткай інфармацыйнай вайны, што праводзіцца ў апошні час гэтымі актывістамі і «псеўдаэколагамі» у дачыненні да ЗТАА «Омск Карбон Магілёў», – упэўненыя на вытворчасці.