Падчас справаздачы перад прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкай старшыня Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч паведаміў, што ў гісторыі з (сама)забойствам інспектара ДАІ з Магілёва Яўгена Патаповіча пастаўлена кропка.

Згодна ягоных словаў, следства прыняла канчатковае рашэнне па спыненні справы. Ніякіх сумневаў ў тым, што Яўген Патаповіч здзейсніў самагубства, у сілавікоў няма.

Як перадае газета «Звязда», дакладна даказана, што супрацоўнік у краме набыў дровы і сродак для распальвання, якія загадзя даставіў ў месца знаходжання трупа. Падчас дзяжурства Патаповіч з надуманай прычыны сышоў з маршруту нясення службы, пераапрануўся ў цывільную вопратку і на таксі паехаў у бок ляснога масіву, дзе ў далейшым быў знойдзены.

«Да нядаўняга часу нам не хапала аднаго звяна — таксіста, які ўвёз супрацоўніка міліцыі. Асобу кіроўцы мы ўстановілі, дапрасілі яго. Яго сведчанні якраз знаходзяцца ў канве іншых доказаў. Маецца і цэлы шэраг відэазапісаў, якія пацвярджаюць, што супрацоўнік міліцыі сам набываў гаручыя сродкі, сядаў у канкрэтную машыну таксі. Па заключэнні экспертызы, ён мог сам сабе прычыніць тое агнястрэльнае раненне, якое стала прычынай смерці. На пісталеце знаходзяцца толькі яго біялагічныя сляды, а на целе — сляды стрэлу», — паведаміў Іван Наскевіч.

Фота – zviazda.by