Магілёўскі драматычны тэатр афіцыйна абвясціў аб адмене спектакляў з 1 да 21 красавіка. Установа паведаміла, што пераходзіць на рэпетыцыйны рэжым працы ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй.

Таксама прычынай стала рэзкае зніжэнне наведвальнасці спектакляў.

«Жадаючы зберагчы сябе і сваіх блізкіх ад заражэння вірусам, магілёўцы імкнуцца пазбягаць месцаў масавага збору людзей, адмаўляюцца ад наведвання масавых мерапрыемстваў, у тым ліку ад паходаў у тэатр. Многія гледачы звяртаюцца за вяртаннем грашовых сродкаў у касу тэатра за раней набытыя квіткі. Спектаклі праходзяць практычна у пустой зале (10-15 набытых білетаў), што эканамічна немэтазгодна, улічваючы выдаткі на электраэнергію, ацяпленне, заробак супрацоўнікам. У выніку адміністрацыя тэатра вымушана адмяняць спектаклі. Акрамя таго, кіраўніцтва ўстановы разумее, што адмена масавых мерапрыемстваў – адна з найважнейшых мер барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса», гаворыцца ў афіцыйным паведамленні на сайце тэатра.