9 чэрвеня Следчы камітэт раскажа, што ўмяняюць блогеру-палітвязню

Праваабарончы цэнтр “Вясна” даведаўся, што блогера Youtube-канала “Краіна для жыцця” Сяргея Ціханоўскага пакінулі пад вартай і прад’явілі абвінавачванне ў здзяйсненні крымінальнага злачынства. Абвінавачванне таксама прад’яўлена і яго паплечнікам, якіх затрымалі на пікеце ў Гродне 29 траўня.

Пры гэтым сваякам не паведамляецца, па якім менавіта артыкуле ім прад’яўлена абвінавачванне. У адвакатаў узятыя падпіскі пра неразгалошваньне.

Святлана Ціханоўскага паведаміла праваабаронцам “Вясны”, што Сяргею Ціханоўскаму прад’явілі абвінавачванне, але менавіта па якім артыкуле – жонцы затрыманага не сказалі. Яго пакінулі пад вартай.

Такая інфармацыя паступае і ад іншых сваякоў затрыманых па крымінальнай справе Сяргея Ціханоўскага. Сваякі Васіля Баброўскага таксама распавялі пра такую ж сітуацыю ў дачыненні да Васіля.

Пазней нявеста затрыманага Вяргілія Ушака распавяла ПЦ «Вясна», што яму прад’яўлена абвінавачанне па ч. 1 арт. 342 КК РБ.

Назва артыкула – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Яна ўключае «арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і якія спалучаны з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады або якія пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, устаноў або арганізацый, альбо актыўны ўдзел у такіх дзеяннях пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства – караюцца штрафам, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін».

Максімальнае пакаранне – пазбаўленне волі да 3 гадоў.

Верагодней за ўсё, гэты ж артыкул паставілі ў віну і самому Сяргею Ціханоўскаму.

Сяргея Ціханоўскага і яшчэ дзевяць чалавек затрымалі 29 траўня ў Гародні падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай ў кандыдаты ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Здарылася гэта пасля інцыдэнту, падчас якога двое жанчын правакавалі Ціханоўскага, а пасля паскардзіліся супрацоўніку міліцыі, што блогер адмовіўся ім адказваць. Пасля гэтага міліцыянт нібыта пайшоў затрымліваць Ціханоўскі, але чамусьці ўпаў. Значная частка беларусаў расцаніла дзеянні МУС як правакацыю супраць палітычнага апанента дзеючага рэжыму.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Сяргея Ціханоўскага палітвязнем.