З-за гэтага падыходу жанчына не можа абараняць свайго сына ў ПК №17.

18 лютага ў судзе Шклоўскага раёна адбыўся працэс па справе Наталлі Старавойт. Жанчына ўжо дзесяць месяцаў не можа дамагчыся сустрэчы з уласным сынам, які адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №17 г. Шклова, паведамляе сайт «Прававой ініцыятывы».

На судзе жанчына выступіла ў якасці прадстаўніка свайго сына і спрабавала даказаць, што мае права абараняць свайго блізкага сваяка не толькі ў судах, але і ў папраўчай установе.

Свае словы яна пацвердзіла адказам Канстытуцыйнага суда. Згодна з ім, блізкія сваякі, дапушчаныя судом у якасці абаронцаў, маюць права аказваць юрыдычную дапамогу ў калоніях.

На судзе яе апанентамі выступілі намеснік начальніка па рэжымнай і аператыўнай працы ПК №17 Аляксей Маскалёў і юрысконсульт штаба Андрэй Войтаў.

Падчас свайго адказу Войтаў заявіў, што «рашэнню Канстытуцыйнага суда ўжо 20 гадоў» і «заяўнік спасылаецца на рашэнне Канстытуцыйнага суда, якое не з’яўляецца законным».

Праваабаронца Юлія Швабовіч, якая прысутнічала на паседжанні, адзначыла, што Канстытуцыйны суд у сваім рашэнні ад 4 ліпеня 2000 г. № Р-100/2000 пазначыў, што асобы, якія адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, маюць права на атрыманне юрыдычнай дапамогі не толькі ад адвакатаў, але і ад іншых асоб, калі яны былі дапушчаныя судом у якасці іх абаронцаў.

 На жаль, у судзе прадстаўнікі боку адказчыка так і не змаглі патлумачыць, каго яны лічаць «іншымі асобамі», настойвалі на тым, што ім неабходны закрыты пералік такіх асоб. Мы сутыкнуліся з прававым нігілізмам, калі супрацоўнікі ВК проста ігнаруюць рашэнні Канстытуцыйнага суда», – цытуе праваабаронцу сайт «Прававой ініцыятывы».  

Суд Шклоўскага раёна адмовіў у задавальненні скаргі. Праваабаронцы разам з Наталляй Старавойт збіраюцца абскардзіць гэтае рашэнне і дамагацца выканання актаў Канстытуцыйнага суда.