Вольга Бабашка рэгулярна звяртаецца ў пракуратуру і Следчы камітэт, але рэакцыі адтуль няма, паведамляе “Радыё Свабода“.

19 кастрычніка ў аграмястэчку Лудчыцы 8-гадовы Ягор Бабашка памёр пасярод урока фізкультуры. Меркаванай прычынай смерці дзіцяці следства назвала раптоўнае спыненне сэрца.

Пры гэтым на працягу некалькіх гадоў лекары з Магілёўскага абласнога шпіталя, калі верыць маці, не рэкамендавалі хлопчыку фізічных нагрузак. Нягледзячы на гэта, вызвалення ад фізкультуры ў цэнтральным раённым шпіталі Быхава Ягору не давалі.

Апроч таго, у Вольгі Бабашкі паўсталі пытанні да «хуткай дапамогі», якая, па афіцыйных дадзеных ехала нібыта 14 хвілін, а па падліках маці – каля 40 хвілін.

Что случилось с умершим в Быховском районе 8-летним Егором и кто виноват? Рассказывает мама

Цікава таксама тое, што ў дзень, калі памёр Ягор Бабашка, дахаты да яго прыязджала галоўны педыятр раёна і забрала ўсе дакументы, што датычыліся дыягназаў і лячэння дзіцяці.

Справу расследуе Быхаўскі аддзел Следчага камітэта, які праз тры дні пасля смерці Ягора прызначыў судова-медычную экспертызу з мэтай устанавіць дакладную прычыну смерці.

З той пары прайшло 4 месяцы, аднак Вольга Бабашка дагэтуль не атрымала на рукі пастанову з вынікамі экспертызы.

Яна звярталася ў пракуратуру і СК, каб ёй выдалі дакумент, аднак ніякіх адказаў адтуль не прыйшло.

У каментары для карэспандэнта «Радыё Свабода» афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова паведаміла, што прычына смерці Ягора ўстаноўлена, аднак дадаткова праводзіцца комплексная экспертыза.

фотa – svaboda.org