У смерці дзіцяці зараз разбіраюцца мінскія лекары. Быхаўскія следчыя спрабуюць усталяваць, колькі ехала «хуткая дапамога» – 14 ці 40 хвілін.

19 кастрычніка ў аграгарадку Лудчыцы пасярод урока фізкультуры памёр 8-гадовы Ягор Бабашка. Меркаванай прычынай смерці дзіцяці следства назвала раптоўнае спыненне сэрца.

Пры гэтым на працягу некалькіх гадоў лекары з Магілёўскага абласнога шпіталя, калі верыць маці Вользе Бабашка, не рэкамендавалі хлопчыку фізічных нагрузак. Нягледзячы на гэта, вызвалення ад фізкультуры ў цэнтральным раённым шпіталі Быхава Ягору не давалі.

Справу расследуе Быхаўскі аддзел Следчага камітэта, які праз тры дні пасля смерці Ягора прызначыў судова-медычную экспертызу з мэтай усталяваць дакладную прычыну смерці.

На працягу 4 месяцаў маці Вольга Бабашка нават не магла азнаёміцца з ходам расследавання – следства не хацела даваць ёй ніякай інфармацыі.

Мама из Быховского района 4 месяца не может узнать правду о смерти 8-летнего сына

16 сакавіка яе ўсё-такі запрасілі ў СК, каб расказаць пра тое, што ёсць на дадзены момант, паведамляе «Радыё Свабода».

Як расказала маці, даследаваннем акалічнасцяў смерці Ягора яшчэ са студзеня займаюцца мінскія лекары. Калі расследаванне скончыцца – ніхто не ведае.

Быхаўскі аддзел СК, у сваю чаргу, спрабуе высветліць, колькі насамрэч даязджала «хуткая дапамога». Бабашка сцвярджае, што карэта ехала 40 хвілін. Прадстаўнікі раённай улады запэўніваюць, што ўжо праз 14 хвілін медыкі былі на месцы.