Менш, чым праз год пасля суда, ў дачыненні да Аляксандра Асіповіча прывялі ў выкананне смяротны прысуд.

17 снежня ў Менску пакаралі смерцю 36-гадовага Аляксандра Асіповіча, якому прысудзілі выключную меру пакарання за забойства двух дзяўчат – Алесі Клімавай і Крысціны Крушкінай – у ліпені 2018 года, паведаміла газета «Камерцыйны кур’ер» са спасылкай на пракуратуру.

Праваабаронца – пра тое, якія былі парушаны правы асуджанага да расстрэлу за забойства двух дзяўчат у Бабруйску

Згодна з матэрыяламі справы, у адзін з вечароў Асіповіч пазнаёміўся з імі ў кафэ. Абедзьвум было крыху больш за 25 гадоў. Пасля алкагольнага вечара ў рэстарацыі, троіца накіравалася да дому мужчыны, дзе яны працягнулі піць. Раніцай паміж дзяўчатамі і Асіповічах разгарэўся канфлікт.

Як сцвярджаў у судзе абвінавачваны, Клімава і Крушкіна здзекаваліся над ім, з-за чаго ён раззлаваўся і накінуўся на дзяўчат. Тыя замкнуліся ў ваннай і выклікалі міліцыю, аднак тая прыехаць не паспела.

Асіповіч забіў Алесю і Крысціну пры дапамозе малатка і нажа. Усяго ён нанёс 77 удараў па Клімавай і 16 удараў па Крушкінай.

Пасля забойства Аляксандр накіраваўся ў краму, дзе купіў піва, цыгарэты, а таксама некалькі рулонаў смеццевых пакетаў. Апошнія сталі падставай для следства лічыць, што Асіповіч збіраўся раздзяліць трупы дзяўчат. Сам Асіповіч гэта адмаўляў.

Міліцыя затрымала мужчыну ў той жа дзень, калі ён піў піва ў двары свайго дома. Да гэтага выпадку Аляксандр быў чатыры разы судзімы за рабаванне, хуліганства і нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Гэта таксама стала адной з прычын, чаму пракурор запрасіў для Асіповіча выключную меру пакарання.

Падчас апошняга слова Асіповіч раскаяўся ў зробленым і папрасіў прабачэння ў сваякоў забітых. Нягледзячы на гэта, суддзя Міхаіл Мельнікаў асудзіў мужчыну да расстрэлу.

Восенню стала вядома, што сям’я Аляксандра Асіповіча падвергнулася абструкцыі з-за яго дзеянняў. Яго маці, Антаніна, распавядала, што іх сваякі прасілі публічна адмовіцца ад сына, а сястры Асіповіча прыйшлося змяніць месца працы і перажыць развод.

У Бабруйску сям’я асуджанага да смяротнага пакарання Аляксандра Асіповіча трывае нападкі ад гараджан. Яго сястры давялося змяніць працу і развесціся з мужам