Пра затрыманні не паведамляецца.

18 сакавіка магілёўскія анархісты распаўсюдзілі каля трыццаці шматстаронкавых бюлетэняў «Будзем маўчаць – страцім усё» і «Хто скраў наша шчасце» (апошні занесены ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў у 2017 годзе), паведамляе анархісцкая група УКантакце «Прамень».

Яны раздавалі бюлетэні недалёка ад Магілёўскага аблвыканкама, побач з корпусам №2 Беларуска-расійскага ўніверсітэта. Пра затрыманні інфармацыі няма.

У апошні час у Беларусі ўзмацніўся ціск на анархістаў. На гэтым тыдні ў дачыненні былога палітвязня, анархіста Змітра Паліенкі завялі новую крымінальную справу за злоснае хуліганства. Яму пагражае до дзесяці гадоў зняволення за распыленне газу з газавага балончыка ў твар мужчыны на лесвічнай пляцоўцы.

Пры гэтым знаёмыя і калегі анархіста адзначаюць, што мужчына правакаваў Паліенку і нават стукнуў маладога чалавека. Дзеянні Змітра яны завуць самаабаронай.

Таксама шэраг інфармацыйных рэсурсаў анархістаў знаходзіцца пад блакаваннем, а друкаваныя матэрыялы масава прылічаны да экстрэмісцкіх матэрыялаў.