Грамадская ўвага да дзейнасці Дэпартамента выканання пакаранняў МУС прывяла да закрыцця рубрыкі «Навіны»?

28 кастрычніка. Магілёў. Саша Мінько


Увесну гэтага года выбухнуў скандал. Дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП) МУС пахваліўся, што прадукцыя яго прадпрыемстваў – гэта значыць прамзонаў папраўчых калоній – карыстаецца попытам у краінах Еўрасаюза. Калі верыць ДВП, прадукцыю, вырабленую беларускімі вязнямі, ведамства экспартуе ў 20 краін, сярод якіх значацца Францыя, Вялікабрытанія, Германія і Бельгія.

Вось толькі кіраўніцтву пенітэнцыярнай сістэмы было няўцям, што ў Еўропе выкарыстоўваць працу зняволеных забаронена. Але “выправіліся” – зараз гэтую інфармацыю ўжо не знойдзеш. Вось так выглядае былы раздзел навін ад ДВП:

Пра забарону выкарыстоўваць працу зняволеных выдатна ведаюць у «Беллегпраме», на прадпрыемствах якіх рэгулярна размяшчаюць свае заказы сусветна вядомыя фірмы накшталт “Adidas” або “Hugo Boss”. Менеджэры гэтых кампаній сочаць, каб вязні нават тэарэтычна не маглі дакрануцца да іх вырабаў і нават узважваюць вогнетушыцелі ў памяшканнях, дзе працуюць швачкі – усё павінна адпавядаць высокім стандартам аховы працы і захавання правоў чалавека. Такія правілы працы ў развітых краінах.

Але айчынны ДВП ўваходзіць у структуру МУС, таму жыве па сваіх устаноўках. У сакавіку на чатырохдзённую міжнародную выставу “Meble Polska 2019” выехаў у Познань намеснік начальніка ДВП МУС Беларусі Алег Лашчыноўскі, адказны за арганізацыю вытворчасці і працоўнае выкарыстанне “спецкантынгента” (так называюць рабочых зняволеных). Мы пісалі пра гэта:

Белорусские заключенные радуют своими изделиями Европу. Но, как рабы, они почти ничего с этого не имеют

Дэлегацыя ДВП па выніках пахвалілася, што правяла дзелавыя перамовы са шматлікімі прадстаўнікамі бізнесу Польшчы, Германіі і іншых краін ЕС. У адказ бацькі арыштантаў вырашылі распачаць кампанію, якая была закліканая папярэдзіць грамадзян Еўрасаюза, што купляючы вырабы беларускай ДВП, яны будуць карыстацца вынікам рабскай працы. Відавочна, таму на сайце ДВП нават прапала сама кнопка “Навіны”. Для гэтага трэба было асобна папрацаваць праграмісту. Вось так зараз выглядае афіцыйны рэсурс дэпартамента, па-ранейшаму, які прапануе свайму прадукцыю пакупнікам.

Апошняй інфармацыяй у навінах ДВП быў візіт Алега Лашчыноўскага на РУВП “ПК-9”: начальнік праінспектаваў прамзону горацкай калоніі №9, дзе сядзяць рэцыдывісты. Калонія вядомая тым, што выкарыстоўваецца для ломкі палітычных вязьняў і лідэраў крымінальнага свету.

Там была адкрыта лінія па вытворчасці паліўных гранул, у якую было ўкладзена 250 тысяч долараў ЗША.

Пасля публікацый пра гаспадарчую дзейнасць прадпрыемстваў крымінальна-выканаўчай сістэмы і наступнага грамадскага рэзанансу, рубрыка навінаў ДВП доўгі час (каля пяці месяцаў) проста не абнаўляўся. А цяпер, мабыць, ад граху далей, прынята рашэнне зусім яе прыбраць.

Нагадаем, у структуры ДВП працуе 15 унітарных прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць працу “спецкантынгента” папраўчых калоній. Акрамя таго, гаспадарчую дзейнасць ажыццяўляюць яшчэ дзевяць ЛПП, якія пасля развалу СССР засталіся толькі ў Беларусі і ў Казахстане.