Наста Лойка распавяла магілёўцам пра сувязь анархізму і правоў чалавека

Праваабаронца правяла двухгадзінную лекцыю ў грамадскім цэнтры «Кола». Анлайн-трансляцыя вялася ў Інтэрнэце.

11 студзеня. Магілёў. Грамадскі цэнтр «Кола». Алесь Святліцкі


Сустрэча складалася з двух частак – у першай Лойка распавяла аб тэарэтычных асновах анархізму і правоў чалавека, у другой яна разам з гледачамі спрабавала адказаць на пытанні, якія ёй даслалі да лекцыі.

– Лекцыя неабходная для таго, каб дзве групы – праваабаронцы і анархісты – знайшлі больш разумення і кропак судотыку адзін з адным, тым больш у абедзвюх груп ёсць агульныя каштоўнасці, хоць і рознага таксама шмат. Хоць параўноўваць іх і немагчыма, але разабрацца ў абодвух канцэпцыях варта, – сказала Лойка напачатку сустрэчы.

Тэарэтычная частка заняла менш за гадзіну. Праваабаронца распавяла пра сімволіку і адрозненні паміж анархісцкімі групамі, а таксама пра асноўныя выклікі і шляхі пабудовы раўнапраўнага грамадства.

– Паняцце роўнасьці – гэта тое, у чым супадаюць каштоўнасці праваабаронцаў і анархістаў. Рэалізацыя гэтага прынцыпу з’яўляецца адной з найважнейшых задач для абедзвюх груп. Аднак мы розныя ў метадах. Я ніколі не дапушчу думкі аб дасягненні вышэйшай выгоды нейкімі радыкальнымі метадамі, у той час як некаторыя анархісты дапускаюць экстрэмісцкія спосабы барацьбы, – падзялілася Лойка.

 

Асноўную частку лекцыі прысутныя спрабавалі сумесна адказаць на пытанні, якія пакінулі людзі ў спецыяльнай форме перад лекцыяй. Галоўнай дылемай для ўсіх, хто запоўніў анкету, была магчымасць функцыянавання грамадства ва ўмовах, калі дзяржавы не існуе.

– Анархізм можна разглядаць як мерку, па якой можна ацэньваць узровень свабодаў у грамадстве. У тэорыі, вядома, людзі могуць дамовіцца і жыць сумесна, але тады, хутчэй за ўсё, гэта будуць нейкія невялікія камуны, – падзяліўся ўдзельнік лекторыя Юрый Плотнікаў.

Іншы ўдзельнік Аляксандр Буракоў сказаў, што на дадзеным этапе анархізм немагчымы, але надзея ў анархістаў ёсць:

– Патрэбна рэвалюцыя свядомасці, разумення сваіх патрэб і таго, як анархізм можа вырашыць тыя ці іншыя пытанні. Цяпер гэтага дасягнуць нельга, аднак калі, напрыклад, выхоўваць маладое пакаленне пры дапамозе каштоўнасцяў раўнапраўя і ўмення дамаўляцца без удзелу інстытута дзяржавы, то чаму не?

Больш падрабязна з ходам лекцыі і адказамі на пытанні можна азнаёміцца ​​праз відэа анлайн-трансляцыі:

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў