УУС Магаблвыканкама: наш сайт СМІ не з’яўляецца

Міліцэйскае кіраўніцтва вобласці паведаміла, што рэкамендацыі Следчага камітэта на іх не распаўсюджваюцца.

1 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Здымак – uvd.mogilev.by (не СМІ)


УУС Магілёўскага аблвыканкама адрэагавала на скаргу праваабаронцы Аляксандра Буракова, які западозрыў сайт ведамства ў выкарыстанні hate speech і распальванні міжнацыянальнай варожасці.

27 чэрвеня на афіцыйным сайце УУС Магілёўскага аблвыканкама з’явілася публікацыя пад назвай «У Бабруйску наркакантроль затрымаў прадстаўніка этнічнай дыяспары цыган. Ён падазраецца ў збыце метадону, спажыванне якога пацягнула смерць чалавека».

Афіцыйны прадстаўнік УУС Дзмітрый Ігнатовіч, які з’яўляецца аўтарам тэксту, чатыры разы пазначыў этнічную прыналежнасць чалавека, якога затрымаў наркакантроль. Двойчы выраз «прадстаўнік этнічнай дыяспары цыган» згадваецца ў цытаце палкоўніка Уладзіслава Кавалёва, які даў каментар для матэрыялу. Яшчэ два разы – непасрэдна ў тэксце Дзмітрыя Ігнатовіча.

 

Аляксандр Буракоў палічыў, што ў дадзеным матэрыяле парушаныя рэкамендацыі Следчага камітэта для масмедыя, якія прадпісваюць пазбягаць фіксацыі ўвагі на нацыянальнай прыналежнасці затрыманых асоб. Праваабаронца звярнуўся ў абласную пракуратуру, якая пераадрасавала скаргу кіраўніцтву УУС.

Часова выконваючы абавязкі па пасадзе начальніка УУС Магаблвыканкама Аляксандр Васільеў у сваім адказе паведаміў, што“успамін ва ўнутраных дакументах, вышуковых арыенціроўках альбо ў СМІ прыналежнасці да цыганскай народнасці ці этнічнай дыяспары цыган звязана з выключна службовай неабходнасцю ў мэтах аператыўнага апазнання злаўмыснікаў і раскрыцця злачынстваў з іх удзелам, абароны грамадзян і павышэннем іх пільнасці”.

Акрамя таго, на думку кіраўніцтва абласной міліцыі, “рэкамендацыі для СМІ, змешчаныя ў раздзеле прававой інфармацыі на сайце Следчага Камітэта РБ носяць рэкамендацыйны характар і прызначаныя выключна для СМІ, якімі УУС Магаблвыканкама і яго сайт не з’яўляюцца”.

Аляксандр Буракоў застаўся незадаволены тым, што адказ яму дало УУС, а не абласная пракуратура, куды ён першапачаткова звяртаўся:

– Які сэнс ад нагляднага органа, калі яны перасылаюць скаргу тым, на каго я скарджуся? Відавочна, што ні адна арганізацыя не будзе пісаць сабе нічога ў шкоду. Акрамя таго, калі б я хацеў звярнуцца да кіраўніцтва УУС, я б зрабіў гэта. Пракуратура проста спіхнула нязручны дакумент і самавыдалілася, – выказаўся праваабаронца.

Што тычыцца адказу, то ў ім Буракоў ўбачыў супярэчнасці:

– Па-першае, што тычыцца службовай неабходнасці і пазначэння нацпрыналеднасці ў арыенціроўках і ўнутраных дакументах – прычым тут увогуле СМІ? Ва ўнутраных дакументах кожная структура можа пісаць тое, што ёй заўгодна. Але што тычыцца распаўсюду інфармацыі ў СМІ – дзе тут службовая неабходнасць? Чалавека ўзялі пад варту, ведаюць, хто гэта. Міліцыя проста заявіла, што меркаваны імі злачынец – гэта цыган. У чым тут службовая неабходнасць?

Па-другое, што тычыцца таго, што сайт УУС – не СМІ. А што гэта тады? Там публікуюцца прэс-рэлізы, адтуль перадрукоўваюць інфармацыю іншыя выданні, пры цытаванні спасылка на сайт uvd.mogilev.by абавязковая – тут угледжваюцца ўсе прыкметы СМІ, хай і карпаратыўнага. Калі што, супрацоўнікі УУС у снежні 2016 года спрабавалі атаясамліваць са СМІ паблік “ВКонтакте” і патрабавалі абвяржэння там. Гэта значыць для іх СМІ – гэта нават група ў сацсетцы, але самі яны СМІ не з’яўляюцца. Ліха, – пракаментаваў праваабаронца адказ ведамства.

Паводле яго слоў, у бліжэйшы час ён разам з калегамі разгледзіць магчымасць абскарджання адказу УУС Магілёўскага аблвыканкама ў розных інстанцыях.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў