«На гэтым месцы па генплане будзе аўтамагістраль»

Жыхары шматпакутных дамоў па вуліцах Заслонава і Будаўнікоў зноў сустрэліся з уладамі, аднак нічога не змянілася – дзесяткі людзей рызыкуюць апынуцца на вуліцы. Фота і відэа.

22 верасня. Магілёў. Дом №29 па вул. Заслонава. Ігар Лазоўскі


На сустрэчу з боку ўладаў прыбылі начальнік упраўлення ідэалогіі аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч, галоўны архітэктар горада Уладзімір Скачэк, галоўны архітэктар Магілёўскай вобласці Аляксей Новікаў, гендырэктар «Будтрэста №12» Дзмітрый Марозаў і яшчэ некалькі прадстаўнікоў трэсту.

Да іх выйшла каля дваццаці жыхароў. Сустрэча доўжылася больш за дзве гадзіны. Улады і «заслонаўцы» спрачаліся спачатку на вуліцы перад домам №29, а потым перасунулася ўнутр будынка. Нягледзячы на працяглую размову, бакі так і не прыйшлі да зразумелага вырашэння канфлікту.

img_2075

У асноўным размову вялі два чалавекі: лідэр «заслонаўцаў» Ларыса Ішчэйкіна і гендырэктар «Будтрэста №12» Дзмітрый Марозаў. Ён прапанаваў жыхарам пачаць размову першымі, паабяцаўшы адказаць на ўсе пытанні, калі яны яшчэ засталіся пасля паўгады разборак .

– У нас мора дакументаў, якія даказваюць, што ў 99. 2000-ым гадах наша жыллё з’яўлялася кватэрамі. Мы вам іх паслалі, але адказу не атрымалі. Калі «Будтрэст №12» перадаваў дамы ва ўласнасць гораду, у дадатку аб перадачы асноўнай маёмасці гаварылася, што праводзілася рэканструкцыя менавіта шматкватэрнага жылога дома па Заслонава, 29. Заўважце, менавіта шмат-КВА-ТЭР-НАГА! Сорак гадоў жывуць людзі, а вы іх выкідваеце без прадастаўлення іншага жылля, – заявіла Ішчэйкіна.

img_2067

На гэта кіраўнік «Будтрэста №12» адзначыў, што яна не права:

– Людзям прадастаўляецца жыллё ў інтэрнаце, калі ласка, едзьце, глядзіце, калі не падабаецца – знойдзем іншае. Ніхто вас на вуліцу не выганяе, – сказаў Марозаў.

– У гэтым і справа, вы хочаце, каб мы пагадзіліся і змянілі кватэры на пакоі ў інтэрнаце. Хто ў сваім розуме будзе так рабіць? – зашумелі жыхары.

– Мы маем намер ісці да канца і не здадзімся, нягледзячы ні на што. У нас ёсць вялікая колькасць папер, кожнае маё слова падмацаванае дакумэнтам, і ў гэтых дакументах стаяць запісы, што мы жылі і жывем у кватэрах, – сказала Ішчэйкіна.

– У нас таксама ёсць паперы, мы іх прадставілі суду і прадставім яшчэ, калі спатрэбіцца. Няўжо вы думаеце, што мы робім нешта не па законе? Так і ў нас жа дакументаў у нас вялікая колькасць, – парыраваў Марозаў.

img_2071

У адказ на гэта жыхары дамоў заявілі, што яны падалі заяву на ўзбуджэнне крымінальнай справы за падробку дакументаў ў дачыненні да «Будтрэста» і Магілёўскага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. На думку «заслонаўцаў», частка дакументацыі, якую прадставіў на судзе бок улады, сфальсіфікаваная.

– На некаторых паперах відаць, як там фізічна выпраўлялі напісанае. А на бланках, якія былі аддрукаваныя ў 1974 годзе, нам дэманструюцца доказы «Будтрэста», датаваныя 1973 годам. Міліцыя разбярэцца, – абвінаваціла Ішчэйкіна «Будтрэст».

img_2095

Марозаў не стаў ні абвяргаць, ні пацвярджаць падазрэнні жыхароў, пагадзіўшыся з тым, што следства ўсё вырашыць само.

Галоўным аргументам жыхароў у спрэчцы з уладай быў адказ міністра архітэктуры Аляксея Чорнага, які прызнаў статус «жылых дамоў», а не інтэрнатаў. Марозаў на гэта заявіў, што Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры неправамоцнае даваць такія ацэнкі. Адзіная арганізацыя, якая можа гэта зрабіць – гэта агенцтва па рэгістрацыі і зямельным кадастры. Яно, у сваю чаргу, вызначыла усе дамы як інтэрнаты.

img_2119

Андрэй Кунцэвіч, які доўгі час моўчкі рабіў паметкі ў сябе ў нататніку, прапанаваў жыхарам дамагацца вырашэння пытання ў судовым парадку.

– Нажаль, росчыркам пяра тут сітуацыю змяніць немагчыма, – сказаў Кунцэвіч.

Але, як аказалася, аблвыканкам можа дамагчыся пераводу памяшканняў у статус кватэр. Пра гэта паведаміў галоўны архітэктар вобласці Андрэй Новікаў. Для гэтага трэба толькі адпаведнасць жылых памяшканняў неабходным патрабаванням. Аднак ці будзе нехта ў аблвыканкаме браць на сябе вырашэнне гэтага пытання – засталося незразумелым.

– Нас адсюль хочуць банальна вытурыць любым спосабам, – сказала бліжэй да канца сустрэчы жыхарка дома. – Відавочна гэтыя дамы камусьці патрэбныя, каб іх знесці і пабудаваць што-небудзь.

img_2123

На гэта галоўны архітэктар горада Уладзімір Скачэк сказаў, што па генеральным плане на месцы гэтых дамоў павінна быць пабудаваная аўтамагістраль.

– Але гэта ж не кажа пра тое, што гэтыя двухпавярховікі адразу знясуць і пакладуць асфальт. Гэта можа быць і праз 50 год, – заўважыў ён.

Вось мы пяцьдзесят гадоў і пажывем тут, – заявілі жыхары.

– Добрага вам здароўя і доўгага жыцця, – паўжартаўліва ўсміхнуўся Дзмітрый Марозаў.

Натоўп абурана сустрэў ягоныя словы, але працягваць актыўную спрэчку сіл ужоне хапала. Прадстаўнікі ўлады праз нейкі час з’ехалі, а жыхары дамоў па вуліцах Заслонава і Будаўнікоў адправіліся да сябе – магчыма, зусім хутка ім адтуль давядзецца выязджаць. Першыя «ахвяры» ужо ёсць – суд Ленінскага раёна пастанавіў выселіць двух чалавек да 1 лістапада.

img_2135

img_2148

img_2150

img_2170

img_2075

img_2079

img_2081

img_2085

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў