АМАПавец, які разганяў магілёўскі «Марш недармаедаў», атрымаў крапавы берэт


ПРАВААБАРОНА / Thursday, October 25th, 2018

Сяргей Ярмолін быў адным з сілавікоў, які захапіў актывіста Ігара Чырака, а затым сведчыў супраць яго ў судзе.

25 кастрычніка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Згодна з інфармацыяй абласнога Упраўлення ўнутраных спраў, толькі адзін супрацоўнік атрада міліцыі асаблівага прызначэння з Магілёўскай вобласці паспяхова прайшоў кваліфікацыйныя выпрабаванні на права нашэння крапавага берэта. Ім стаў лейтэнант міліцыі Сяргей Ярмолін, намеснік камандзіра другога звяна ўзвода аператыўна-баявога прызначэння АМАП абласнога УУС. Адбор праходзіў на базе ваеннай часткі 3214 унутраных войскаў МУС.

Ярмолін здолеў прайсці 12-кіламетровы марш-кідок, паказаць добрае валоданне рознымі відамі баявой зброі і выстаяць 12-хвілінны бой з дзеючымі ўладальнікамі крапавага берэта.

Цікава, супраць каго будзе выкарыстаная такая моц?

У сакавіку 2017 года Сяргей Ярмолін ў складзе групы, якой камандаваў камандзір узвода АМАП Аляксандр Юдзін, на вачах у дзясяткаў людзей схапіў і замкнуў у аўтамабілі актывіста Ігара Чырака. Пры гэтым міліцыянты, у тым ліку Ярмолін, былі апранутыя ў цывільнае. Нягледзячы на тое, што ў момант затрымання ні Ярмолін, ні Юдзін не паказалі свае дакумэнты, на судзе па справе Чырака яны заявілі адваротнае.

Хапун актывіста атрымаўся адным з самых гучных у той дзень – людзі перагарадзілі дарогу аўтамабілю з Чыраком, Ярмоліным і Юдзіным і доўгі час патрабавалі паказаць дакументы. Сілавікі змаглі павезці актывіста толькі пасля ўмяшальніцтва ДАІ. Ўсё, што адбылося патрапіла на відэа.

У судзе абодва АМАПаўца праходзілі ў якасці сведак. Суддзя ўлічыла іх паказанні і дала Чыраку 15 сутак арышту за непадпарадкаванне міліцыі і ўдзел у незаконным масавым мерапрыемстве.

У снежні 2017 году Ігар Чыряк абскардзіў арышт і судовае рашэнне ў Камітэце па правах чалавека ААН.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *