Магілёўская міліцыя прэсуе журналістаў за нязручны рэпартаж (ВІДЭА)


ПРАВААБАРОНА / Tuesday, May 22nd, 2018

Сілавікі лічаць, што фрылансер Аліна Скрэбунова і аператар Яўген Глушкоў зрабілі сюжэт пра высяленне людзей з дамоў для тэлеканала БелСАТ.

22 траўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


23 траўня Скрэбунову і Глушкова чакаюць у Ленінскім РАУС. Позвы ім уручылі ў панядзелак, 21 траўня. Прычым у выпадку з Алінай дзяўчыну сілай даставілі ў міліцыю двое чалавек у цывільным адзенні на прыватнай машыне. Адзін з іх апынуўся старэйшым участковым Русланам Марозавым, імя другога так і засталося невядомым.

Сілавікі вартавалі Скребунову каля яе кватэры. Калі дзяўчына прыйшла дадому, яе тут жа ўзялі пад рукі і адвялі да аўто. Аліна здолела зняць на тэлефон і выкласці ў сваім Твітары кадры затрымання.

У Ленінскім РАУС яна даведалася, што ў дачыненні да яе распачаты адміністрацыйны працэс за незаконны выраб прадукцыі СМІ:

– 23 траўня а 10-ай раніцы я павінна з’явіцца па позве зноў. Падазраюць у вырабе рэпартажу пра высяленне жыхароў з дамоў па вуліцы Заслонава і Будаўнікоў з-за памылкі мясцовых уладаў, – распавяла Скребунова.

На гэты ж дзень, але на 11-ую гадзіну раніцы, позву атрымаў аператар Яўген Глушкоў.

Прайшло каля паўгады пасля папярэдняга працэсу ў дачыненні да Скрэбуновай за супрацоўніцтва з БелСАТ. У лістападзе 2017 суд Ленінскага раёна прысудзіў ёй штраф у 690 рублёў за сюжэты пра бяздомных сабак і кафэ.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *