Пацешна, што сярод напрамкаў, па якіх прыехала дамаўляцца новасібірская дэлегацыя – навука і адукацыя.

22 студзеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Photo/Mogilev-region.gov.by


У Магілёў 22 студзеня прыбыла дэлегацыя Новасібірскай вобласці. Падчас візіту, як адзначае прэс-служба Магілёўскага аблвыканкама, бакі дамовіліся «аб развіцці і паглыбленні міжрэгіянальнага супрацоўніцтва». На працягу ўсяго дня расійская дэлегацыя вяла перамовы з беларускімі партнёрамі па пытаннях супрацоўніцтва ў гандлі, навуцы і адукацыі. Чым жа вядомы яе кіраўнік, губернатар Новасібірскай вобласці, Андрэй Траўнікаў? Заклікам пазбаўляцца ад кніг.

Што? Як?

Яшчэ да таго, як стаць губернатарам Новасібірскай вобласці, Андрэй Траўнікаў паспеў пабыць на некалькіх кіруючых пасадах.

Падчас знаходжання ў статусе намесніка паўнамоцнага прадстаўніка Уладзіміра Пуціна ў Паўночна-Заходняй федэральнай акрузе, чыноўнік гучна заявіў пра сябе заклікам ліквідаваць кнігі, выдадзеныя пры падтрымцы Фонду Сораса.

Фонд Сораса – міжнародная дабрачынная арганізацыя, заснаваная фінансістам і філантропам Джорджам Сорасам. Дзякуючы ёй, у многіх краінах свету падтрымліваюцца праграмы ў галіне адукацыі, культуры і мастацтва, аховы здароўя, грамадзянскіх ініцыятываў, якія спрыяюць развіццю ідэй і механізмаў адкрытага грамадства.

У 2015 годзе расейскія ўлады прызналі Фонд Сораса непажаданай арганізацыяй.

На хвалі гэтага рашэння Андрэй Траўнікаў у 2016 годзе накіраваў ліст кіраўніцтву рэспублікі Комі (уваходзіць у склад Расійскай Федэрацыі) з прапановай знішчыць кнігі, якія выдадзеныя пры дапамозе Фонду. Прычына – яны «фармуюць у маладзёжным асяроддзі скажонае ўспрыманне айчыннай гісторыі і папулярызуе чужыя расійскай ідэалогіі ўстаноўкі».

Сказана – зроблена. Паводле першапачатковай інфармацыі, з устаноў адукацыі Комі былі канфіскаваныя і спалены дзесяткі кніг. Яшчэ сотні – канфіскавалі з бібліятэчных фондаў.

7×7-journal.ru

Гісторыя выклікала рэзананс, пасля якога расійскія чыноўнікі сталі адмаўляць, што кнігі былі спаленыя. Аднак загадчык бібліятэкі Варкуцінскага горна-эканамічнага каледжа Алена Васільева падрабязна распавяла расійскаму выданню 7×7, як менавіта знішчылі кнігі спалілі ў двары навучальнай установы:

– Прыбіраюцца індыкатары з каталогаў, дастаюцца фармуляры, кнігі зносяцца ўніз і ў скрынях спальваюцца ў двары за каледжам. Гэтую працэдуру мы рабілі неаднаразова, таму што спісвалі стары фонд. І ў мяшках. Гэтая тэхналогія для ўсіх бібліятэк [аднолькавая]. Мы фонд спісвалі стары. Выносіцца і ў пэўным месцы спальваецца.

Дарэчы, сярод непажаданых для Андрэя Траўнікава кніг апынулася шмат падручнікаў, у тым ліку па логіцы, французскаму сюррэалізму і навучальны дапаможнік па крыміналістыцы.

Цікава, якім жа будзе супрацоўніцтва (асабліва ў навуцы) паміж Магілёўскім рэгіёнам і Новасібірскай вобласцю, калі кіраўнік апошняга так не любіць кнігі?

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *