«Магілёўскі праваабарончы цэнтр» адзначыў дваццацігадовы юбілей


ПРАВААБАРОНА / Sunday, January 28th, 2018

МПЦ з’яўляецца адзінай у Беларусі рэгіянальнай праваабарончай зарэгістраванай арганізацыяй.

28 студзеня. Магілёў. Грамадскі цэнтр «Кола». Ігар Лазоўскі


26 студзеня 1998 года група актывістаў падала дакументы на рэгістрацыю грамадскага аб’яднання, якое абараняла б правы магілёўцаў. Гэтую дату прынята лічыць днём нараджэння Магілёўскага праваабарончага цэнтра, якому у 2018-ым споўнілася ўжо дваццаць гадоў. Дзейсныя члены МПЦ сабраліся сціпла адзначыць дату ў грамадскім цэнтры «Кола».

Старшыня праўлення Уладзімір Краўчанка распавёў пра гісторыю станаўлення арганізацыі. Асобна ён спыніўся на асобе першага кіраўніка – Сяргея Абадоўскага, якога называюць адным з пачынальнікаў праваабарончага руху не толькі ў горадзе, але і ў Беларусі:

Арганізацыю заснавалі дзесяць чалавек. На чале адразу абралі Абадоўскага. Ён жа напісаў першы статут. Сам ён прыйшоў у праваабарону з прафсаюзнага руху. Чалавек-скала. Яго марай было стварэнне школы правоў чалавека ў Магілёве, праўда, ва ўмовах беларускі рэалій гэта было немагчыма. Сяргей Абадоўскі стаў адным з першых у Беларусі выпускнікоў вышэйшых курсаў па правах чалавека ў Варшаве. На жаль, пасля гэтага ён памёр менш, чым праз год.

Здарылася гэта 23 сакавіка 2003 году. На пахаванне, па ўспамінах членаў МПЦ, сабраліся людзі з усёй Беларусі.

– Чарга з жадаючых развітацца дасягала сотні метраў. Абадоўскага вельмі паважалі за непахіснасць і разуменне дэмакратычных ідэй, – выказаўся адзін з заснавальнікаў МПЦ Барыс Бухель.

З Абадоўскім, на думку некаторых удзельнікаў грамадскага аб’яднання, звязаныя галоўныя поспехі арганізацыі. Міхаіл Савіцкі, адзін з найстарэйшых членаў Магілёўскага праваабарончага цэнтра прама выказаў, што дзейнасць МПЦ практычна незаўважная:

– Без Сяргея, хлопцы, арганізацыя аслабла. Мала відаць нас, не такія моцныя. Сёння да нас далучылася моладзь, спадзяюся, ужо яны будуць актыўна прасоўваць ідэі абароны правоў чалавека і дэмакратыі.

З ім не пагадзілася Наталля Шкадун, якая нагадала, што яна, Барыс Бухель, Аляксей Яўгенаў і іншыя досыць актыўна займаюцца праваабарончай дзейнасцю да гэтага часу.

Аляксей Яўгенаў у сваю чаргу звярнуў увагу на тое, што ў тым ліку і дзякуючы дзейнасці Магілёўскага праваабарончага цэнтра ўдалося дабіцца паляпшэння сітуацыі:

– У дзевяностыя была сітуацыя, калі назіральніка, які сачыў за судамі, маглі папросту пасадзіць на пятнаццаць сутак. Зараз гэта нават цяжка ўявіць, але гэта ж сур’ёзны крок наперад.

Афіцыйная частка юбілею доўжылася менш за гадзіну. У гэты ж дзень у склад Магілёўскага праваабарончага цэнтра ўключылі актывіста Дзмітрыя Тоўсціка і журналіста Аляксандра Буракова. Раней у 2018 годзе ў МПЦ ўступіў юрыст Аляксандр Хамратаў.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *