Мы прааналізавалі рэгіянальную прэсу на мову варожасці і вось, што ў нас атрымалася

Інфармацыйна-аналітычная група moloko даследавала друкаваныя СМІ вобласці, якія выходзілі на працягу 2016 года, на прадмет hatespeech і прадстаўляе вам вынікі маніторынгу.

Рэдакцыя mspring.online/ ІАГ moloko


Мы ўсё часцей бачым, як СМІ выкарыстоўваюць негатыўныя маркеры ў дачыненні да розных сацыяльных груп і прадстаўляюць карціну свету, у якой ёсць «вінаватыя» і «дрэнныя». Бедныя, багатыя, ЛГБТК, дармаеды, жанчыны, мужчыны – у любы момант ва ўразлівую групу можа трапіць хто заўгодна.

Як правіла, мова варожасці або hate-speech характэрны для выданняў рэспубліканскага ўзроўню, праблематыка якіх закранае шырокія слаі грамадства. Але ў Рэспубліцы Беларусь ёсць экспертныя супольнасці, якія праводзяць маніторынг такіх выданняў і цалкам паспяхова сігналізуюць аб наяўнасці мовы варожасці ў іх (напрыклад “Журналісты за талерантнасць”).

Калабарацыя былой рэдакцыі анлайн-часопіса milkmag.by і магілёўскіх праваабаронцаў вырашылі зірнуць на праблему ў іншым ракурсе. Рэгіянальныя СМІ часцей за ўсё знаходзяцца далёка ад дыскусійных пытанняў і праблем. Інфармацыйная палітыка раённых і гарадскіх газет мае пазітыўны парадак дня – менавіта таму мы часта чытаем пра новыя пабудаваныя дамы, павелічэнне пенсій, герояў жніва і шмат іншае, пасля чаго жыццё здаецца выдатным.

Але іншым разам трапляецца і мова варожасці. Праблема ў тым, што раённая прэса часцяком з’яўляецца інфармацыйным манапалістам у сваём мястэчку, бо амаль усе дробныя гарады Магілёўскага рэгіёну не маюць незалежнага ад дзяржавы друку. Таму выкарыстанне негатыўных моўных тактык у такіх выпадках для мясцовага насельніцтва мае большы ўплыў, чым у вялікіх гарадах, дзе ёсць, як мы казалі вышэй, экспертныя супольнасці і прэса з альтэрнатыўнай інфармацыйнай палітыкай.

Мы даследавалі больш за 20 друкаваных выданняў Магілёўскага рэгіёну, якія выходзілі ў 2016 годзе, каб выявіць hate-speech. У асноўным ён носіць адрывісты і непастаянны характар. Мы дапускаем, што выклікана гэта не свядомай спробай рэдакцый таргетаваць ўразлівыя групы пры дапамозе маргінальных цэтлікаў, а памылкай у самім падыходзе і адсутнасці цэнтралізаванай агульнарэспубліканскай палітыкі ў сферы СМІ, якая была б накіравана на збавенне прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі ад прыкмет мовы варожасці і наступнае прадухіленне канфліктаў паміж прадстаўнікамі розных сацыяльных груп.

Дадзены агляд з’яўляецца, па сутнасці, папярэдняй працай перад больш дэталёвым і падрабязным аналізам магілёўскіх СМІ і электронных крыніц інфармацыі, чые матэрыялы выходзілі ў 2017 годзе. У дадзены момант даследчая група рыхтуе паквартальны маніторынг рэгіянальных масмедыя за студзень-сакавік і красавік-чэрвень 2017 года. Таксама выйдуць агляды за ліпень-верасень і кастрычнік-снежань. Акрамя таго, будзе дзве паўгадавых справаздачы і адна глабальная гадавая (яе выхад намечаны на зіму 2018 года).

Асабістую ўдзячнасць мы хочам выказаць праваабаронцам Аляксею Колчыну і Анастасіі Лойцы.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў