Што здарылася з памерлым ў Быхаўскім раёне 8-гадовым Ягорам і хто вінаваты? Распавядае мама


ПРАВААБАРОНА, СОЦЫУМ / Tuesday, October 23rd, 2018

Памёр не «трэцякласнік школы Быхаўскага раёна». Памёр васьмігадовы Ягор. Дзіця. Сын. Чалавек.

23 кастрычніка. Магілёў аг. Лудчыцы Тайманава. mspring. online


19 кастрычніка васьмігадовы Ягор ўстаў, як звычайна. На сняданак ён папіў гарбату з печывам. Каб не прагаладацца, у школу ён узяў з сабой бутэрброды. Хоць сам ён жыў у вёсцы Тайманава з мамай і бабуляй, на ўрокі ён ездзіў у школу аграгарадка Лудчыцы.

Перад фізрой ён разам з аднакласнікамі схадзў у сталовую. Праз дзесяткі хвілін ён страціў прытомнасць. Не зважаючы на ўсе высілкі настаўніцы і навакольных, Ягор памёр на ўроку фізкультуры.

У панядзелак СМІ азагаловілі тое, што здарылася, сухім абязлічаным загалоўкам «У Быхаўскім раёне памёр трэцякласнік». Журналісты ўзялі каментары ў чыноўнікаў. Следчы камітэт выпусціў свой прэс-рэліз.

Усе прафесійна і суха. Калі верыць газеце «Беларусь Сегодня», дзіцяці спрабавалі дапамагчы ўсім светам, а хуткая прыехала за 14 хвілін. Вынікі экспертызы, якая выявіць прычыну смерці, будуць прыкладна праз месяц.

Мы не ведаем, што прызнае экспертыза. Ды і ці можна верыць ёй у нашай дзяржаве? Ці можна верыць медыкам? Следчым? Журналістам, якія здавольваюцца інфармацыйнымі зрыўкамі чыноўнікаў, якія нават у вочы не бачылі Ягора? Ці дакладна будуць знойдзеныя і пакараныя вінаватыя? І ці зробяць вінаватым хоць каго-небудзь?

Мы пакуль верым толькі таму, што распавяла mspring.online мама Ягора Вольга.

***

Гэта было за школай, дзе на пляцоўцы дзеці займаюцца. Там і ўпаў. Я прыехала, так на зямлі ляжаў, я распранула яго, кофтачку падклала. Але я ўжо зразумела, што… нічога.

Ён сам выклікаўся бегаць. Але класная яго заўсёды абсякала гэта. Яна любіла і клапацілася пра яго. Ён яе таксама любіў. Яна ніколі не давала яму бегаць, а ў гэты раз я не ведаю, што змянілася. Хтосьці казаў, што кола прабеглі, а на другім упаў.

Па тэлефоне голас Вольгі трохі зрываецца, але трымаецца яна малайчынай. Яна моцная жанчына. Яна справіцца. Павінна справіцца.

– Праблемы з сэрцам у яго выявілі, калі перад першым класам рабілі абавязковае УГД сэрца. Сказалі, што ёсць нейкія сардэчныя праблемы. Нам напісалі накіраванне, мы паехалі ў Магілёў. Там лекары сказалі, каб не было ніякай фізічнай нагрузкі. Нярвавацца таксама нельга. І раз у тры месяцы трэба было таблетку грамецына пад язычок.

Якім ён быў дзіцяцем, актыўны, добры. У першым класе перад матэматыкай яму стала кепска, выклікалі «хуткую». Класны кіраўнік патэлефанавала. Пакуль я да школы дабралася, яны ўжо забралі яго ў бальніцу. Я прыехала, там была настаўніца, а на прыёме была лекар Окрут. Гэта я добра памятаю. Імя і імя па бацьку я не ведаю. Яна тады сказала, што зрабіць яны нічога не могуць. Калі дзіцяці будзе дрэнна, параілі націскаць на вочныя яблыкі, альбо выклікаць ваніты.

Ну і ўсё. На гэтым усё скончылася. Потым мы ў канцы навучальнага года, у першым класе, паехалі спачатку на кансультацыю ў Магілёў да кардыёлага, а потым ужо кардыёлаг напісаў накіраванне, каб мы ляглі ў бальніцу праз час.

Мы туды прыехалі, там спыталі, як справы, і я распавяла, што быў прыступ ў школе, выклікалі “хуткую”. Лекар папрасіла кардыяграму, каб убачыць змены. Калі я паехала назад за кардыяграмай, высветлілася, што ніхто нідзе не можа яе знайсці. І вось гэта адбываецца ў першым класе, а цяпер ён у трэцім. Толькі ў чэрвені месяцы знайшлі гэтую картку ў Быхаве.

– Магілёўскія лекары рэкамендавалі не займацца?

– Ну як, яны сказалі «фізічнай нагрузкі ніякай, нервавацца таксама нельга». А перад школай ён як хваляваўся. Яго ж і апрануць трэба было культурна. Нават шкарпэткі ніколі не апране адны і тыя ж. Раніцай шкарпэтачкі яму даю, а ён панюхае і кажа: мама, нельга ў школу так хадзіць, а то класная скажа «прыйшоў са смярдзючымі». А настаўніцу як ён любіў!

Я не магу зразумець. Як бы мне дрэнна… Як бы мне цяжка … я, напэўна, гэтага не пакіну.

Калі мы ездзілі ў Магілёў і прыехалі назад, нам лекар Чалядзінава выпісала даведку не на падрыхтоўчую нават, а агульную групу.

То бок, нават пасля рэкамендацый магілёўскіх лекараў Чалядзінава ўсё роўна агульную дала групу?

– Так.

– Ягор добра сябе адчуваў раніцай у той дзень, калі пайшоў у школу?

– Раніцай, як звычайна, ўстаў, чаю папіў з печывам, бутэрброды з сабой у школу узяў і пайшоў. Настаўніца сказала, што перад фізкультурай пайшлі ў сталовую, паеў добра. Выйшлі, кажа, на пляцоўку, толькі ён рушыў і ўпаў, страціў прытомнасць.

Спачатку ехала з Новага Быхава «хуткая». Яна вазіла людзей на флюараграфію, лекара там не было, але была ж медсястра. Бандарэнка, я нават скажу, Вольга. У школу выклікалі хуткую [асобна], вядома, але ехала шэранькая машынка «хуткая дапамога» і дзеткі ўсе пачалі тармазіць яе. Дзеткі пачалі казаць, што хлопчыку дрэнна. Я разумею, што яна не лекар, яна медсястра, ну магла ж яна выйсці. А яна сказала, маўляў, «я не «хуткая дапамога», чакайце «хуткую дапамогу», дзверцы зачыніла і з’ехала. Вы разумееце, ну магла б … хаця б побач выйшла і пастаяла.

Заняткі фізкультурай яшчэ на вуліцы праходзяць?

– Так, ён упаў … гэта было за школай, дзе на пляцоўцы дзеці займаюцца, там і ўпаў.

– Як вам паведамілі?

– Патэлефоніла Ягоркінага дзядзькі па бацькоўскай лініі жонка. Яна прыбіральшчыцай працуе. Вось яна патэлефанавала. Кажа, сыночку твайму так дрэнна, едзь хутчэй у школу. Ну я падумала, што рытм збіўся і ўсё. Папрасіла даць класную. Ала Леанідаўна спалоханая была вельмі, Ягорку любіла. Кажа, прыязджайце хутчэй, Ягорке дрэнна. І я хутчэй на ровары ехала, потым кінула ровар дзесьці ў кювет, знаёмая стаяла на машыне, яна мяне давезла.

– Вы прыехалі хутчэй, чым «хуткая»?

– Не, яна ўжо была там.

– Колькі яна ехала?

– 38 хвілін. Там жа і магілёўскі Следчы камітэт прыязджаў. Я ў істэрыцы, узяла сына на ручкі, давай па гэтым стадыёне цягаць. Яны мне выклікалі Цярэшчанку, маўляў, што я на «каня села».

А Цярэшчанка – гэта хто?

Ці то нарколаг, ці то псіхолаг.

Ён разам з лекарамі прыехаў?

– Не. Чалядзінава прыехала, а потым яны выклікалі яго, таму што я Ягорачку ўзяла, абняла. Яны баяліся, што я яго не аддам, што я «села на каня». Хацелі забраць мяне ў бальніцу. І добра, што сваякі мяне забралі дадому.

– А з Ягорам што?

–  Я гэта яшчэ добра памятаю, прысоскамі нейкімі карысталіся лекары. У яго жывот быў такі поўны, і вось гэтая жанчына, якая з прысоскамі, кажа «адрэналіну яшчэ ўкалоць яму», а другая стаіць і кажа «а ў нас адрэналіну ўжо няма».

– Лекар, пра якога вы кажаце. Чалядзінава. Яна прыехала ў якасці каго? Якая ў яе пасада?

– Яна ці то галоўны раённы педыятр, ці то загадчыца. [Паводле дадзеных за 2013 год, Валянціна Чалядзінава з’яўляецца галоўным раённым педыятрам].

Калі я ўжо там поўзала, гэта ж дзіця на маіх вачах, яна ў мяне пыталася пра выпіскі з лякарні. Я ёй сказала, што арыгіналы ў мяне, а копіі знаходзяцца ў іх. І пакуль я там у школе была, яна ўжо прыехала да нас. Бабуля Ягора ў істэрыцы аддала ўсе гэтыя паперы. Потым прыехалі са Следчага камітэта, папрасілі паказаць усе выпіскі з лякарні. Я ім сказала, што Чалядзінава забрала. А адзін з іх кажа, што «яна нас і тут апярэдзіла».

А ўчора ўжо [21 кастрычніка], калі пахаванне былі, мне сказалі, што яна прыязджала ў школу і з такімі крыкамі, з істэрыкай стала патрабаваць, каб аддалі ёй даведкі, што ў Ягора не вызваленне [ад фізкультуры], а падрыхтоўчая група. Але дырэктар школы не даў.

Фактычна, на ваш погляд, атрымліваецца так, што Чалядзінава не паслухалася, па сутнасці, магілёўскую лякарню, і не дала вызваленне ад заняткаў?

– Яна напісала падрыхтоўчую групу.

А трэба было, каб яна напісала вызваленне?

– Я так разумею, што так. Усе казалі, што фізічнай нагрузкі не павінна быць ніякай. Апошні раз мы былі ў канцы траўня прыкладна ў кардыёлага ў Магілёве. Кожны год мы ляжалі ў жніўні месяцы ў лякарні.

У Ягора з першага па трэці клас была падрыхтоўчая група?

– Так, на першыя паўгода першага класа яны нават далі не падрыхтоўчую, а асноўную групу. Калі мы ездзілі ў Магілёў да кардыёлага, у параўнанні з быхаўскай бальніцай, нам рабілі кардыяграму пад нагрузкамі, усё правяралі. [У Быхаве] ні ціск не памералі, нічога не зрабілі. Сказалі, што ў дзіцяці майго ніякіх ускладненняў быццам бы. Летам у шпіталь яго не паклалі, сказалі, што дзяцей вельмі шмат пасля аперацыі, таму сказалі, што Ягор можа паляжаць у лістападзе ці снежні.

А вы калі прыехалі ў школу, хлопчык яшчэ быў жывы?

– Я калі прыехала … яны ўжо … я зразумела адразу, што вось ужо … усё. Яны рэанімацыю не выклікалі, простую звычайную “хуткую”. Можа 30-40 хвілін я пабыла ў гэтай школе. Вось уявіце, за гэты час, што яны яго ратавалі, прыехаў нават следчы з Магілёва. Няўжо за сорак хвілін нельга было выклікаць рэанімацыю, апарат нейкі падключыць?

Настаўнікі да прыезду «хуткай» спрабавалі аказваць дапамогу?

– Так, спрабавала, класны кіраўнік Ала Леанідаўна спрабавала. Яшчэ ці то дырэктар, ці то яшчэ хтосьці з’ездзіў на фельчарска-акушэрскі пункт. Прывезлі хлопчыка маладога, пакуль «хуткая» ехала. Ва ўсім вінаватая «хуткая». 40 хвілін ехаць нельга было.

Хлопчык малады, напэўна, пасля вучобы, маладзенькі такі. Ён спрабаваў штучнае дыханне зрабіць, спрабаваў дапамагчы.

Вы лічыце, што вінаватая хуткая, якія павольна ехала? Ці менавіта лекар, якая накіравала дзіцяці не ў тую групу для заняткаў фізкультурай?

– Я лічу, што «хуткая» вінаватая ў тым, што яна вельмі доўга ехала. А Чалядзінава вінаватая ў тым … Яны ж увесь час казалі, што яму нельга ні бегаць, ні скакаць. Чаму тады не выпісалі яму вызваленне?

І «хуткая» з Новага Быхава. Якая б яна ні была, медсястра ты ці не медсястра, ты ж ехала, хоць бы побач пастаяць выйшла! А так спынілі яе, а яна нават не выйшла з машыны. Усе ведалі, што дзіця мае праблемы з сэрцам. Усе ведалі цудоўна.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *