Міліцыя спрабавала не пусціць актывіста на акцыю ў Менск

8 верасня Станіслава Паўлінковіча, супраць якога распачата крымінальная справа, выклікалі ў Ленінскі РАУС для апытання і прафілактычнай гутаркі. 

9 верасня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Аб выкліку Паўлінковіча ў Ленінскі РАУС стала вядома яшчэ 6 верасня. Ужо тады актывіст заявіў, што ў міліцыю яго выклікаюць, каб не пусціць на апазіцыйную “Акцыю упярэджання”, якая прайшла ўвечары 8 верасня ў Менску.

– У РАУС я прыбыў разам з адвакатам. Там оперупаўнаважаны Арцём Маісееў сказаў, што яму следчая даручыла апытаць мяне па справе аб распаўсюдзе парнаграфіі. Ён паўтарыў усе пытанні, якія задавала мне раней следчая са Следчага камітэта. Пацікавіўся, што было на маёй канфіскаванай тэхніцы. Было бачна, што галоўная мэта была пратрымаць мяне ў міліцыі даўжэй,- распавёў Стас Паўлінковіч.

Пасля таго, як з апытаннем было скончана, Маісееў прапанаваў актывісту прайсці прафілактычную гутарку.

– Ён сказаў, што я рэгулярна парушаю заканадаўства і ўдзельнічаю ў розных несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, таму са мной неабходна правесці працу. Тут умяшалася адвакат і сказала, што гэта цалкам добраахвотны занятак і раз я не хачу, то маю поўнае права адмовіцца ад гутаркі. Майсееву прыйшлося мяне адпусціць, так што я паспеў на акцыю ў Мінск, – падзяліўся актывіст.

Таксама ён высвятліў, што крымінальную справу супраць яго міліцыя не мела права пачынаць:

– Адвакат разабралася, што па крымінальна-працэсуальным кодэксе тэрмін для распачынання справы па гэтым артыкуле скончыўся яшчэ ў 2016 годзе. Такім чынам, усе, што адбываецца апошнія паўгода ў адносінах да мяне, – незаконна, – сказаў на заканчэнне Станіслаў Паўлінковіч.

Праверка ў дачыненні да актывіста па факце распаўсюджвання парнаграфічных матэрыялаў доўжылася з сакавіка гэтага года. У жніўні была ўзбуджаная крымінальная справа. У сярэдзіне жніўня актывіста арыштавалі для прад’яўлення абвінавачвання, але ў следства не аказалася дастаткова падстаў для гэтага. Актывіста вызвалілі, аднак пакінулі ў статусе падазраванага.

Свой пераслед актывіст звязвае з грамадскай дзейнасцю і ўдзелам у пратэстах восенню 2016 і вясной 2017 гадоў.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў