Міліцыя Магілёўскай вобласці паведаміла пра высокі ўзровень даверу да сябе

Аднак не ўдакладніла пра тое, што змянілася методыка падліку.

23 студзеня. Магілёў. Алесь Святліцкі. Фота – Уладзімір Сінкевіч, uvd.mogilev.by


Начальнік УУС Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Кавальчук падчас калегіі ўпраўлення ўнутраных спраў заявіў, што ў Магілёўскай вобласці АУС давяраюць 66% жыхароў.

– Узровень даверу насельніцтва Магілёўскай вобласці да органаў унутраных спраў з’яўляецца адным з самых высокіх у краіне. Такіх вынікаў удалося дасягнуць дзякуючы зладжанай рабоце органаў унутраных спраў. Мы прымаем усе магчымыя меры для таго, каб падтрымліваць у рэгіёне грамадскі парадак і бяспеку, павышаць ступень абароненасці інтарэсаў дзяржавы і правоў грамадзян, – прыводзіць словы Кавальчука афіцыйны сайт аблвыканкама.

Апошні раз дадзеныя аб узроўні даверу да міліцыі ў рэгіёне былі апублікаваныя ў жніўні 2016. Тады ўзровень даверу да міліцыі рэгіёну склаў 65%. Як мяркуецца, крыніцамі дадзеных у абодвух выпадках выступілі сацыялагічныя даследаванні МУС.

Разам з тым, прэс-служба УУС і Аляксандр Кавальчук не паведамілі аб змене методыкі падліку ўзроўню даверу насельніцтва, якое адбылося ў гэтым годзе. Зараз дадзены паказчык сумуе два віды адказу на пытанне «Ці давяраеце вы міліцыі свайго горада (раёна)?» – «Так, давяраю» і «Хутчэй давяраю, чым няма».

Раней гэтыя паказчыкі падлічваліся асобна, з-за чаго вынікі даверу да АУС выглядалі інакш.

У канцы ліпеня 2013 года па дадзеных МУС поўны давер да міліцыі выказалі 33% апытаных. У верасні 2015 года, паводле даследавання аддзела маніторынгу штаба МУС у Бабруйску, мясцовай міліцыі давяралі 29% апытаных. У кастрычніку 2015 года былі апублікаваны дадзеныя пра давер да транспартнай міліцыі Магілёўскай вобласці – 41%. Ва ўсіх пералічаных выпадках улічваўся толькі варыянт адказу “Так, давяраю”.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў