«Мы павінны разумець, што СССР – гэта таталітарная дзяржава, якая забівала людзей»


ПРАВААБАРОНА / Saturday, November 3rd, 2018

Магілёўцы ўшанавалі памяць расстраляных савецкай уладай.

3 лістапада. Магілёў. Ігар Лазоўскі


У першую суботу лістапада больш за два дзесяткі гараджан сабраліся на акцыю памяці ў гонар ахвяр рэпрэсій савецкага часу. У гэтым годзе да памятных крыжоў прыйшлі палітыкі, актывісты грамадскіх арганізацый, праваабаронцы і журналісты.

– Нажаль, мы вымушаныя канстатаваць, што дзяржава паступова вяртаецца да савецкай ідэалогіі. Насаджаюцца юбілеі ВЛКСМ, шырока святкуецца Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Паступова гісторыя рэпрэсій забываецца. Хаця гэта тое, пра што забываць нельга, – выступіў праваабаронца і журналіст Аляксандр Буракоў.

Паводле яго слоў, улады выкарыстоўваюць падмену памяці, паколькі самі з’яўляюцца ідэалагічнымі нашчадкамі савецкай наменклатуры. Таму факт савецкіх рэпрэсій старанна не згадваецца на ўзроўні абласной і гарадской дзяржаўнай прэсы.

Разам з тым мы павінны разумець, што СССР – гэта таталітарная дзяржава, якая забівала людзей. Беларусаў, магілёўцаў, – пракаментаваў Буракоў.

Уладзімір Шанцаў

Старшыня абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў прадэкламаваў верш Янкі Купалы «Ахтотамідзе», пасля чаго раскрытыкаваў цяперашнюю ўладу:

– На гэтым месцы рэжым хутка згіне. Жыве Беларусь, – коратка сказаў палітык.

Са сваім словам выступіў гісторык Аляксандр Агееў, які заявіў пра неабходнасць даведвацца імёны тых, хто быў рэпрэсаваны НКУС:

– Трэба зрабіць так, каб праз год, калі мы тут усё збярэмся, у кожнага была таблічка з імем чалавека, якога забілі. Многія не ведаюць, што ў іх сем’ях былі рэпрэсаваныя, – сказаў гісторык.

Аляксандр Агееў

Людзі, якія сабраліся, ушанавалі памяць ахвяр хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі і лампады да памятнага крыжа. Станоўчым момантам, як адзначаюць арганізатары, з’яўляецца тое, што на сустрэчу прыйшло адносна шмат маладых людзей.

– Гэта дае невялікі шанец на будучыню, у якім будуць памятаць урокі мінулага, – заявіў Буракоў.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *