На гала-канцэрце “Форуму рэгіёнаў” выступіць Дзяніс Майданаў. Ён любіць ДНР, абвінавачвае Украіну ў фашызме і цалкам за “Крымнаш”


[:by]Гісторыі[:] [:ru]Истории[:], ART / Monday, September 17th, 2018

Саюз Беларусі і Расіі пад акампанемент аматара “рускага свету”.

17 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Завяршыць асноўную праграму V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі гала-канцэрт 11 кастрычніка. Па словах арганізатараў, у ім возьмуць удзел каля 300 артыстаў з абедзвюх краін.

З боку беларускай эстрады будуць звыклыя Алёна Ланская, гурт “Песняры”, Ядвіга Паплаўская, Анатоль Ярмоленка, менш звыклы Руслан Аляхно і іншыя.

Расея прапануе сваіх артыстаў, самым вядомым з якіх з’яўляецца Дзяніс Майданаў.Цікава, гэта супадзенне, што ён з’яўляецца адным з самых заўзятых і прыхільнікаў “рускага свету”?

З захапленнем сустрэў анэксію Крыма

Дзяніс Майданаў радасна ўспрыняў паглынанне паўвострава Расійскай Федэрацыяй. У 2015 годзе артыст выступіў на байк-шоу “Кузня перамогі” пад Севастопалем, арганізаваным мотаклубам “Начныя ваўкі”.

Пасля выступу Майданаў ў інтэрв’ю для РІА Крым заявіў, што“далучэнне Крыма – гэта перамога гістарычнай справядлівасці“. Тое, што Крым належыць Украіне, спявак назваў вынікам“непісьменнага палітычнага разбазарвання спрадвечна рускіх зямель“.

У дадзеным выпадку была ўзаемная воля крымскага народа і прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, які, будучы моцным чалавекам і кіраўніком, прыняў гэта гістарычнае рашэнне“,- заявіў тады Дзяніс Майданаў.

У адрозненне ад многіх іншых артыстаў, якія паспрабавалі дыстанцыявацца ад палітыкі, саліст заняў канкрэтную пазіцыю аматара “рускага свету”:

Ад шматлікіх артыстаў мы чуем, што творчасць – творчасцю, а палітыка – палітыкай. Але я лічу, што павінна быць свая ўнутраная праўда і адчуванне сябе ў гэтым свеце,- заяўляў Майданаў ў 2015 годзе.

Аматар спецыфічных рэспублік

Крымам артыст не абмежаваўся. У 2015, 2016 і нават 2018 годзе Дзяніс Майданаў выступаў у сепаратысцкай Данецкай народнай рэспубліцы. Падчас канцэртаў спявак неаднаразова выказваў меркаванне аб канфлікце паміж ДНР і Украінай, абвінавачваючы апошнюю ў фашызме:

Я шчыра дзякую вам за тое, што вы, у прыклад шмат каму, паўсталі супраць вандалізму, супраць фашызму і стаіце за свае інтарэсы, за сваю гісторыю, сваю зямлю. Жадаю вам, каб ваша гісторыя была са шчаслівым канцом, – заявіў выканаўца данецкім гледачам падчас канцэрту 2016 года.

У гэтым годзе Майданаў выступаў у Данецку ў ліпені ў гонар “Дня работніка гандлю ДНР”.

Ўлюбёнец расійскіх сілавікоў

У актыве Дзяніса Майданава тыповы набор узнагарод расійскага артыста – выйграваў “Залаты грамафон”, некалькі разоў быў лаўрэатам прэміі “Шансон года ў Крамлі”.

Значна цікавейшыя іншыя ўзнагароды Майданава, якія яму выпісалі расійскія сілавікі.

Так, Міністэрства ўнутраных спраў ўзнагароджвала Майданава знакам “За садзейнічанне МУС Расеі” і медалём “За ўклад ва ўмацаванне правапарадку”. Міністэрства абароны раскашэлілася на медаль “Удзельніку ваеннай аперацыі ў Сірыі”, а потым яшчэ і на прэмію“за актыўную культурна-шэфскую працу“.

Нарэшце, ФСБ Расеі прызнаў яго лаўрэатам 1-й прэміі ФСБ РФ у намінацыі “Музычнае мастацтва” за цыкл ваенна-патрыятычных песняў. Што цікава, гэтую ўзнагароду ў той год Майданаў падзяліў (сюрпрыз-сюрпрыз) з Анатолем Ярмоленкай і ансамблем “Сябры”.

***

V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе ў Магілёве 10-12 кастрычніка. Чакаецца, што на яго прыедуць прэзідэнт РБ Аляксандр Лукашэнка і прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. Усяго ўдзел прымуць амаль 2 тыс. чалавек з 40 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і шасці рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь.

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *