Магілёўскі сайт mogilev.by правераць на наяўнасць экстрэмізму

«Нашчадкі катаў», «псіхоз свядомай публікі», «выццё шакалаў супраць веры хрыстовай» і іншыя выразы, за якія рэсурс можа атрымаць рэакцыю Міністэрства інфармацыі.

25 студзеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Віцебскі праваабаронца Леанід Свецік паскардзіўся ў Міністэрства інфармацыі на сайт mogilev.by. На думку Свеціка, у матэрыяле «Віцебск: трывожныя зводкі з Беларускага фронту» аўтар Анатоль Шлыкаў дазволіў сабе абразлівыя выразы ў адрас групы беларускіх грамадзян.

“Матэрыял змяшчае словы і выразы, якія накіраваны на распальванне міжнацыянальнай варожасці паміж расійскім і беларускім народамі. Падазраю, што аўтар артыкула зрабіў наўмысную спробу стварыць канфліктную сітуацыю паміж грамадзянамі Беларусі, імкнецца зняважыць гонар і годнасць беларусаў, абразіць носьбітаў беларускай мовы, якая з’яўляецца дзяржаўнай мовай, а таксама прызнана роднай для пераважнай колькасці жыхароў краіны, заявіў у сваёй скарзе праваабаронца.

Анатоль Шлыкаў ў сваёй публікацыі абвінавачвае апазіцыйных актывістаў і палітыкаў у нападзе на Беларускую праваслаўную царкву.

“6 верасня 2016 гады … крыжовы паход супраць праваслаўных хрысціян Беларусі пачалі радыкальна настроеныя нацыяналісты. Дабраславенне на гэтае жахлівае дзейства выдаў сам Дзярждэп”, – піша Шлыкаў пра пратэст некалькіх грамадзян супраць пабудовы праваслаўнага сабора ў Віцебску.

Аўтар сцвярджае, што супраць праваслаўнай царквы выступілі «нашчадкі катаў», якія «патрабуюць надаць бел-чырвона-беламу сцягу статус гісторыка-культурнай каштоўнасці”. Акрамя таго, Шлыкаў незадаволены выкарыстаннем грамадзянамі беларускай мовы:

У нас у краіне не прынята пытацца адзін у аднаго пра нацыянальнасць, бо мы ўсе размаўляем на адной мове. Менавіта гэтая мова – руская – аб’ядноўвае нас і нагадвае ўсім нам, што мы родам з аднаго Айчыны.

Раней mspring.online пісаў пра тое , што mogilev.by дазваляе сабе публікаваць матэрыялы, якія могуць расцэньвацца як дыскрэдытуючыя беларускую культуру, нацыю і мову. Большая частка з іх – гэта перадрукі. Аднак матэрыял, на які паскардзіўся Леанід Свецік пазначаны, як унікальны – спасылак на іншыя рэсурсы на старонцы публікацыі няма.

Адзначым таксама, што нейкі Анатоль Шлыкаў публікуецца таксама на прарасейскім ІА «Regnum».

У дадзены момант скарга Леаніда Свеціка накіраваная ў Рэспубліканскую экспертную камісію па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі. Калі матэрыял прызнаюць экстрэмісцкім, уладальнікаў mogilev.by могуць прыцягнуць да адказнасці.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў