Запрашаем на Тыдзень правоў чалавека ў Магілёве!

З 5 па 10 снежня вас чакае форум-тэатр, кінапаказ, крутая выстава і сустрэча з праваабаронцамі, якія раскажуць аб стане з правамі чалавека ў рэгіёне.

10 снежня ўвесь свет адзначае Дзень правоў чалавека. У гэты дзень у 1948 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека. Тэкст Дэкларацыі быў першым глабальным вызначэннем правоў, якія ёсць у кожнага чалавека. На аснове яе быў прыняты Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правоў, артыкулы якога шмат у чым вызначылі жыццё ўсяго свету пасля Другой сусветнай вайны.

Права на жыццё, забарона катаванняў і рабства, роўнасць перад судом і прэзумпцыя невінаватасці, свабода сходаў і выказвання свайго меркавання, свабода слова, забарона дыскрымінацыі, і яшчэ мноства іншых правоў фармуе грамадства сёння. Нават у такой краіне, як Беларусь, грамадзяне якой рэгулярна сутыкаюцца з парушэннем сваіх правоў.

У гэтым годзе магілёўскія праваабаронцы, сайт аб правах чалавека mspring.online і грамадскі цэнтр «Кола» упершыню абвяшчаюць Тыдзень правоў чалавека ў Магілёве. З 5 па 10 снежня мы робім цэлы шэраг мерапрыемстваў, на якіх вы зможаце больш даведацца пра правы чалавека і пазнаёміцца з людзьмі, якія таксама цікавяцца імі.

5 снежня, аўторак

форум-тэатр

«Правы чалавека: як паступіць правільна?»

Форум-тэатр – гэта інтэрактыўная форма пастаноўкі і вырашэння праблем. Вам не трэба быць акцёрам – вам трэба быць чалавекам, перад якім стаіць выбар, як паступіць у той ці іншай сітуацыі. Выбраць, між тым, што лёгка, і тым, што правільна.

Напрыклад, як трэба рэагаваць, калі вы – дзіця чалавека, якога прысудзілі да смяротнага пакарання? Ці настаўнік гэтага дзіцяці? Або сябар? Вораг? А можа вы ўвесь час сутыкаецеся з дыскрымінацыяй на працы па палавой прыкмеце ці вас мучыць страх за сына ў войску?

За тры гадзіны мы згуляем дзве сітуацыі. Кожны з удзельнікаў зможа паспрабаваць вырашыць праблему, якая, магчыма, нават не мае рашэння.

Ведаць правілы неабавязкова – мы усё патлумачым на месцы.

Колькасць удзельнікаў абмежаваная – мы набіраем 15 чалавек. Каб зарэгістравацца, калі ласка, запоўніце гэтую анкету:

АНКЕТА

ШТО: форум-тэатр «Правы чалавека: як паступіць правільна?»

КАЛІ: 5 снежня, аўторак. Пачатак – 18:15

ДЗЕ: Грамадскі цэнтр «Кола», завулак Чкалава, 16 (глядзець на карце)

7 снежня, чацвер –

  кінапаказ «1984» з абмеркаваннем.

“Вялікі брат сочыць за табой”. “Мір – гэта вайна”. “Свабода – гэта рабства”. “Няведанне – сіла”. Кожны сустракаў гэтыя цытаты хоць бы раз у жыцці, як і лічбы 1984.

Жабрацкае жыццё, татальная сочка, прапаганда, катаванні і думкізлачынствы – фільм «1984» паводле аднайменнага рамана-антыўтопіі Джорджа Оруэла служыць лепшым прыкладам грамадства, якое адпрэчыла правы чалавека. Тыя, хто бачылі гэты фільм, яго ўжо не забудуць. Тыя, хто не бачыў – павінны ўбачыць.

Як жыць ва ўмовах пастаяннай вайны, якую дзяржава вядзе супраць сваіх жа грамадзян?

Як застацца чалавекам у грамадстве, дзе табе могуць здрадзіць ўласныя бацькі, дзеці, сябры і каханыя?

Пасля прагляду мы разам абмяркуем тое, што абурыла, зачапіла і напалохала.

ШТО: кінапаказ «1984», рэж. Майкл Рэдфард, Вялікабрытанія 1984 (90 мін)

КАЛІ: 7 снежня, чацвер. Пачатак – 18:30.

ДЗЕ: Грамадскі цэнтр «Кола», завулак Чкалава, 16

 

10 снежня, нядзеля –

сустрэча з беларускімі праваабаронцамі,

адкрыццё выставы.

У Дзень правоў чалавека, 10 снежня, вядомыя магілёўскія і беларускія праваабаронцы збяруцца ў грамадскім цэнтры «Кола», каб распавесці пра сітуацыю з правамі чалавека ў горадзе і вобласці.

Брутальныя затрыманні пасля «Маршаў недармаедаў», крымінальныя справы ў дачыненні да актывістаў, змяненне мясцовага заканадаўства, пераслед журналістаў і яшчэ многае іншае, чым запомніўся 2017 год.

Спецыяльны госць – каардынатар кампаніі супраць «Смяротнага пакарання» Андрэй Палуда.

Акрамя таго, упершыню ў Беларусі будзе прэзентаваная спецыяльная рол-ап выстава, прысвечаная правам чалавека.

ШТО: Сустрэча з беларускімі праваабаронцамі + адкрыццё выставы, прысвечанай правам чалавека.

КАЛІ: 10 снежня, нядзеля. Пачатак – 15:00.

ДЗЕ: Грамадскі цэнтр «Кола», завулак Чкалава, 16 (глядзець на карце)

Кантакты для сувязі: mspring.online@gmail.com , +375293022743

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў