Магілёвец спрабуе вярнуць сваю тэхніку, канфіскаваную міліцыяй для пошуку порна

Актывіст Станіслаў Паўлінковіч ўжо чатыры месяцы не ведае, што здарылася з ягонай тэхнікай, якую ў яго ўзялі 7 сакавіка. Паводле яго слоў – без пратаколаў.

13 ліпеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Станіслаў Паўлінковіч быў актыўным удзельнікам акцый пратэсту супраць Дэкрэта №3 – менавіта з гэтым ён звязвае з’яўленне ў ягоным доме супрацоўнікаў міліцыі напярэдадні Марша недармаедаў 15 сакавіка. Міліцыянты заявілі, што яго падазраюць у распаўсюдзе парнаграфіі.

– Прыйшлі двое супрацоўнікаў Ленінскага РАУС з аддзела наркакантролю. Прозвішчаў не ведаю, памятаю, што быў старэйшы лейтэнант і капітан. Яны нібы праводзілі праверку па факце размяшчэння ў “Укантакце” відэароліка непрыстойнага зместу. Я папрасіў іх прадставіць доказы. На маёй старонцы мы нічога з парнаграфічным утрыманнем не знайшлі. Ужо ў РАУС мне паказалі нейкі раздрукаваны скрыншот з відэароліка 6-гадовай даўніны, які я нібыта размяшчаў у сябе. Але там нічога нават нельга было разглядзець. Кампутар і манітор канфіскавалі, – распавёў Паўлінковіч.

Паводле яго слоў, ён адмовіўся ад дачы паказанняў, пасля чаго яму сказалі, што справу перададуць у Следчы камітэт.

– Копіі пратаколаў вымання тэхнікі мне прадастаўлены не былі. Прайшло ўжо больш за 4 месяцы, аднак мне нічога не паведамілі і не вярнулі. Я нават не ведаю, у якім статусе па гэтай справе я праходжу і калі мне вернуць кампутар,- абурыўся актывіст.

Ён накіраваў у Ленінскі РАУС заяву, у якой папрасіў вярнуць тэхніку і паведаміць яго статус па справе.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў