Магілёўскія журналісты коратка падвялі вынікі года

29 лістапада ў грамадскім цэнтры «Кола» сябры БАЖ распавялі, што атрымалася, а што – не.

29 лістапада. Магілёў. Алесь Святліцкі. На здымку – Аліна Суравец і Барыс Вырвіч


На сумесную сустрэчу сабралася некалькі дзясяткаў журналістаў з усёй вобласці. Да іх на сустрэчу першапачаткова павінен быў прыехаць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец, аднак у апошні момант яго візіт сарваўся. Да рэгіянальных журналістаў прыбыла ягоны намеснік – Аліна Суравец, а таксама лідэр магілёўскага абласнога філіяла БАЖ Барыс Вырвіч.

У першую чаргу ён паскардзіўся на тое, што з-за фінансавых прычын збірацца масава стала больш складана.

– На жаль, наша апошняя буйная сустрэча здарылася яшчэ ўлетку. Пасля гэтага было вельмі шмат праблем, але будзем спадзявацца, што далей усё будзе толькі лепш, – выказаў здагадку Вырвіч.

Складанае фінансавае становішча БАЖ тычыцца не толькі рэгіёнаў – па словах Аліны Суравец, у нейкі момант ў офіса асацыяцыі ўзніклі нават праблемы з арэндай.

– Зараз, аднак, у нас ёсць сігналы, што 2018 год у гэтым плане будзе больш паспяховым, – выказала надзею намеснік старшыні БАЖ.

Сярод дасягненняў рэгіянальнага аддзялення журналісцкай асацыяцыі Барыс Вырвіч назваў семінары і круглыя сталы, якія ўдалося правесці ў першым паўгоддзі, пасля чаго пачаліся грашовыя складанасці. Аднак цяпер становішча выраўноўваецца – у Магілёве плануецца правесці серыю дэбатаў, якія палепшаць ўзаемадзеянне мясцовых актывістаў, праваабаронцаў і палітыкаў са СМІ.

Першыя дэбаты адбыліся адразу пасля справаздачнай сустрэчы – блогер Дзяніс Васількоў і праваабаронца Барыс Бухель падыскутавалі пра тое, як работнікам СМІ і абаронцам правоў чалавека больш дапамагаць і разумець адзін аднаго.

Акрамя справаздачы і дэбатаў, на сустрэчы было прынята рашэнне вылучыць у члены БАЖ барда, пісьменніка і аўтара тэкстаў Юрыя Несцярэнку.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў