Магілёўскія ўлады не слухаюць ЦВК

Цэнтральная выбарчая камісія адмовілася ўбачыць парушэнні пры фарміраванні абласной камісіі Магілёва, але прызнала, што праблемы ёсць.

11 ліпеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага камітэта Барыс Бухель пасля сумеснага паседжання прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама 27 чэрвеня, на якім быў сфармаваны рэгіянальны выбаркам, паскардзіўся на непразрыстасць працэсу ў ЦВК:

– На паседжанні дзелавыя і палітычныя якасці прэтэндэнтаў на месцы ў выбаркамах нават не абмяркоўваліся. Пры гэтым ЦВК загадала перад прыняццем рашэння аб фарміраванні выбарчай камісіі выносіць на абмеркаванне пытанне аб дзелавых і палітычных якасцях асоб, вылучаных у склад. А ўлічваючы, што колькасць прэтэндэнтаў у склад выбарчай камісіі перавысіла колькасць прадугледжаных членаў, павінна была быць прадстаўлена інфармацыя па кожнай кандыдатуры, пасля чаго ўлады павінны былі правесці персанальнае галасаванне.

Адказ праваабаронцы прыйшоў з ЦВК за подпісам старшыні Лідзіі Ярмошынай:

– Выкладзеныя факты не ўказваюць на парушэнне выбарчага закона, але сведчаць аб парушэнні тлумачэнняў Цэнтральнай камісіі. У сувязі з гэтым звярнута ўвага Магілёўскага аблвыканкама на неабходнасць няўхільнага выканання пастаноў Цэнтральнай камісіі пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, – сказана ў адказе Цэнтрвыбаркаму.

Барыс Бухель лічыць, што ЦВК спрабуе выслізнуць з непрыемнай сітуацыі:

– Словы “Выкладзеныя Вамі факты не ўказваюць на парушэнне выбарчага закона, але сведчаць аб парушэнні тлумачэнняў Цэнтральнай камісіі”, супярэчыць першаму абзацу, у якім “тлумачэнні” названы сваімі словамі “… праведзена праверка па Вашай скарзе аб парушэнні пункта 6 пастановы Цэнтральнай камісіі ад 8 чэрвеня 2016 года № 18 …”. Атрымліваецца, што пастановы ЦВК з’яўляюцца не нарматыўнымі прававымі актамі, нормы якіх абавязковыя да выканання, а нейкімі неабавязковымі тлумачэннямі ЦВК, – адзначае назіральнік. Бухель кажа, што другую частку ягонай скаргі ўвогуле праігнаравалі:

– Я пісаў, што адбор прэтэндэнтаў у выбаркамы праводзіла, мяркуючы па словах уладаў, нейкая рабочая група, незразумела якога складу і кім сфармаваная. Пры гэтым фармаванне абласных і акруговых выбарчых камісій ажыццяўляюць толькі аблвыканкамы і аблсаветы на сумесных паседжаннях. Ніякіх працоўных груп і парадку іх фарміравання выбарчае заканадаўства не прадугледжвае. Такім чынам, у адказ на скаргу пра два парушэнні, ЦВК адно з іх праігнараваў, а другое пастараўся выставіць як свавольства мясцовых уладаў, якія не слухаюць распараджэнняў Цэнтрвыбаркама, але нічога гэтым не парушаюць, – заявіў Барыс Бухель.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў