Магілёўскія палітыкі ўшанавалі памяць ахвяраў савецкага тэрору

Гэта ўжо трэцяя акцыя памяці рэпрэсаваных у горадзе за гэты тыдзень.

4 лістапада. Магілёў. Пр-т Дзімітрава. Тэкст і фота: Алесь Святліцкі


Каля поўдня 4 лістапада да Крыжа памяці рэпрэсаваных сабрала сь каля дваццаці чалавек – актывістаў БНФ, БХД, АГП, руху «За Свабоду» і іншых. Яны ўшанавалі памяць магілёўцаў, якіх масава расстрэльвалі супрацоўнікі НКУС у першай палове XX стагоддзя.

Па словах абласнога кіраўніка партыі БНФ Віталя Макаранкі, збірацца на гэтым месцы – шматгадовая традыцыя.

– Раней, напачатку 90-х, такія мерапрыемствы праходзілі пры падтрымцы ўладаў. Было значна больш людзей. Зараз дзякуй хоць за тое, што нас не разганяюць. Так атрымалася, што шанаванне памяці рэпрэсаваных зараз справа ў асноўным дэмакратычных сіл, – сказаў палітык.

Пасля Макаранкі з маленькай прамовай выступілі кіраўнік абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў і лідэр мясцовых хрысціянскіх дэмакратаў Алег Аксёнаў.

Абодва заявілі пра недапушчальнасць забойстваў па палітычных матывах надалей.

– Замест помніка рэпрэсаваным у нас прама ў цэнтры горада ёсць помнік тым, хто іх забіваў – помнік чэкістам каля будынку КДБ. А павінна быць наадварот, – панаракаў Шанцаў.

Аксёнаў у сваю чаргу заклікаў усіх далучыцца да збору подпісаў для раскрыцця інфармацыі аб рэпрэсаваных. Тое, што адбывалася ў гады Вялікага Тэрору, палітык назваў «жахам».

– У крытай турме НКУС, у якой зараз размяшчаецца Беларуска-расійскі ўніверсітэт, у свой час было забіта больш за сто чалавек. Хтосьці з іх пахаваны прама тут, некага адвезьлі ў іншае месца. На жаль, інфармацыі пра гэтыя злачынствы да гэтага часу мала, – сказаў Аксёнаў.

Пасля выступу палітыкаў некаторыя ўдзельнікі прачыталі малітву і ўшанавалі ахвяр рэпрэсій хвілінай маўчання.

Мерапрыемства цягнулася каля 40 хвілін. Супрацоўнікаў спецслужбаў і міліцыі заўважана не было.

Гэта ўжо трэці сход ля Крыжа за апошні тыдзень – раней збіраліся праваабаронцы і сябры ТБМ.

Віталь Макаранка

 

Уладзімір Шанцаў

 

Алег Аксёнаў

 

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў