Магілёўскія назіральнікі сустрэліся з прадстаўнікамі АБСЕ

І абмеркавалі найбольш праблемныя моманты выбарчай кампаніі.

16 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


15 жніўня назіральнікі Аляксей Колчын, Барыс Бухель і Аляксандр Буракоў абмеркавалі празрыстасць парламенцкіх выбараў з доўгатэрміновымі назіральнікамі АБСЕ Оевіндом Соймам і Крысцінай Багданавай. Прадстаўнікі міжнароднай арганізацыі пацікавіліся ходам кампаніі, яе недахопамі і паляпшэннямі.

Аляксей Колчын, назіральнік па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе №85 агучыў меркаванне, што выбары праходзяць спакойна, але гэта, аднак, не робіць іх празрыстымі.

– Ужо ёсць спіс кандыдатаў, якія, хутчэй за ўсё, атрымаюць дэпутацкі мандат. Іх можна вылічыць у кожнай акрузе па найбольшай колькасці сабраных подпісаў, а таксама вылучэнню ад працоўных калектываў. Прадстаўнікі апазіцыі ў пераважнай колькасці выпадкаў ад працоўных калектываў вылучацца не могуць.

Асаблівую ўвагу ў такіх выпадках, пракаментаваў Колчын, прыцягвае тое, што такія кандыдаты набралі па 10-15 тысяч подпісаў. Пры гэтым, як адзначыў праваабаронца, збор нават тысячы подпісаў патрабуе значнай мабілізацыі сіл. Магілёўскія назіральнікі не выключылі, што мог быць задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс.

Падчас размовы было закранута пытанне аб фарміраванні выбарчых камісій.

– У склад абласнога і акруговых выбаркамаў не трапіла ніводнага прадстаўніка апазіцыі. Пры гэтым у нас ёсць нагляднае сведчанне таго, што многія ўчастковыя камісіі сфармаваныя па вытворчым прынцыпе, калі яе члены знаходзяцца ў прамой службовай залежнасці ад старшыні ці ягонага намесніка, – падзяліўся сваім меркаваннем Барыс Бухель.

Назіральнікі звярнулі ўвагу на тое, што ў Магілёве было два выпадкі, калі кандыдаты самі здымалі свае кандыдатуры без відавочных на тое прычын.

– У нас ёсць інфармацыя, што ў абодвух выпадках на гэтых кандыдатаў быў аказаны ціск, што яны могуць пазбавіцца працы ў выпадку працягу ўдзелу ў выбарах, – падкрэсліў Бухель.

Напрыканцы сустрэчы магілёўскія назіральнікі паведамілі Сэйму і Багданавай аб тым, што ад пачатку чэрвеня афіцыйная газета гарвыканкама “Веснік Магілёва” паспела адзначыцца некалькімі матэрыяламі, дзе галоўнымі героямі былі праўладныя кандыдаты Аляксандр Старавойтаў і Вольга Петрашова.

На наступны дзень, 16 жніўня, праваабаронцы сустрэліся з віцэ-прэзідэнтам Парламенцкай Асамблеі АБСЕ Кентам Херстадам і сувязным каардынатарам арганізацыі Маркам Карылле. Як і днём раней, Колчын і Бухель распавялі пра асноўныя праблемы электаральнай кампаніі. Адносную лібералізацыю, якая пачалася яшчэ падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года, яны папрасілі звязваць з неабходнасцю Беларусі ў еўрапейскіх крэдытах. Нягледзячы на гэта, сумленных выбараў чакаць не варта, лічаць магілёўскія назіральнікі.

– Мы ўпэўненыя, што з апазіцыянераў у Палату прадстаўнікоў ніхто не патрапіць. Выключэнне могуць скласці хіба што лаяльныя цяперашняму палітычнаму рэжыму прадстаўнікі ліберальна-дэмакратычнай партыі і камуністычнай партыі, – паведаміў Херстаду і Карылле Барыс Бухель.

Нягледзячы на відавочныя перашкоды, прадстаўнікі АБСЕ выказалі надзею, што парламенцкія выбары-2016 стануць больш дэмакратычнымі, чым папярэднія. Магілёўскія назіральнікі падтрымалі калег, але папрасілі не чакаць шмат.

– Па-ранейшаму ўсё вырашае працэс падліку галасоў падчас выбараў. Наколькі будзе празрыстым гэты працэс – настолькі можна верыць выбарам. Папярэднія кампаніі адзначыліся тым, што нават члены камісій не ведаюць дакладнай колькасці галасоў, якія падлічылі іх калегі. Канчатковую лічбу ведае і агучвае толькі старшыня камісіі, – заявіў Барыс Бухель.

Кент Херстад і Марк Карылле падзякавалі мясцовым назіральнікам за іх працу і выказалі гатоўнасць супрацоўнічаць у далейшым.

 

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў