Магілёўскія апазіцыянеры хочуць адстаяць права на свабоду мірных сходаў

Праваабаронцы і палітыкі прыдумалі, як змяніць мясцовае рашэнне гарвыканкама ў сферы масавых мерапрыемстваў.

4 траўня. Магілёў. Тэхнапарк. Алесь Святліцкі


Праваабаронцы Аляксей Колчын і Барыс Бухель ўвечары 4 траўня сабралі ў аўдыторыі “Тэхнапарку” каля трыццаці прадстаўнікоў розных палітычных і грамадскіх аб’яднанняў. Разам яны паспрабавалі знайсці адказ на пытанне: як змяніць заканадаўства аб масавых мерапрыемствах такім чынам, каб гэтыя самыя масавыя мерапрыемствы можна было праводзіць.

Рашэннем Магілёўскага гарвыканкама №25-19 ад 19.12.2007 года “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Магілёве» прынята, што заяўнік сходу, перш, чым падаваць заяўку на правядзенне сходу, павінен дамовіцца з аддзелам унутраных спраў, каб тыя забяспечылі ахову, з цэнтральнай паліклінікай, каб дзяжурыла машына «хуткай дапамогі» і камунальнікамі з дарожна-маставога прадпрыемства, каб тыя прыбралі тэрыторыю, калі ўсё скончыцца.

Таксама гэтым рашэннем было вызначана толькі адно месца, дзе можна праводзіць недзяржаўныя масавыя мерапрыемствы – пляцоўка каля дома №64 па вул. Чалюскінцаў. Прасцей кажучы – стадыён каля ДК «ЗІВ» на ўскрайку горада.

Усё гэта дало выдатную глебу для знішчэння вулічнай актыўнасці ў Магілёве – амаль любы несанкцыянаваны пікет ці сход караецца штрафам, а дамагчыся дазволу правесці мерапрыемства на тым самым стадыёне практычна немагчыма, калі ты належыш да апазіцыйных структураў – досыць АУС або паліклініцы адмовіць табе, як ты застаешся без мерапрыемства. Ці не апошні санкцыянаваны сход на Чалюскінцаў прайшоў у лістападзе 2012 года, калі прарасійскія нацыяналісты правялі «Рускі марш». Пасля гэтага, негледзячы на стос заяваў, масавых недзяржаўных мерапрыемстваў тут не адбывалася. Пры гэтым свабода сходаў гарантуецца беларускім грамадзянам артыкулам 35 Канстытуцыі РБ.

Каб неяк змяніць сітуацыю, магілёўскія праваабаронцы вырашылі арганізаваць агульны сход сіл, якім вулічная актыўнасць неабходная. На сустрэчу прыйшлі прадстаўнікі ГА «Партыя БНФ», АГП, РЭП, БСДП (Грамада), сябры аргкамітэту БХД, МХД, а таксама грамадскія актывісты.

mirnijaskhody

Падчас дыскусіі магілёўцы выказвалі розныя ідэі – хтосьці прапанаваў спаслацца ў лісце да гарадскіх уладаў на рашэнні выканкамаў іншых гарадоў, бо ў Баранавічах, Гомелі, Брэсце і Жодзіна дамаўляцца з АУС неабавязкова.

Актывіст Валадар Цурпанаў заявіў, што для поспеху трэба звяртацца адначасова ў некалькі інстанцый і патрабаваць адмены рашэння гарвыканкаму на той падставе, што ён супярэчыць Канстытуцыі.

Прадстаўнікі БХД і АГП сумесна выказаліся на карысць сумеснага звароту да гарадскіх уладаў.

Праваабаронца Уладзімір Краўчанка прапанаваў скарыстацца шчылінай у законе – замест таго, каб ладзіць мерапрыемствы самім, можна далучыцца да афіцыйных. Напрыклад, прыняць удзел са сваёй арганізацыяй або партыяй у святкаванні Дня горада, Дня незалежнасці ці любой іншай падзеі.

Для чаго мы ладзім масавыя мерапрыемствы? Каб людзі нас бачылі, каб мець кантакт з імі. Удзел у свяце пакажа, што ў нас ёсць палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні. Да таго ж, уладам давядзецца прыдумляць новыя “адмазкі”, – сказаў Краўчанка.

Частка аўдыторыі абурылася такой прапанове. Цурпанаў прама адказаў: у выпадку супрацоўніцтва з уладай, “апазіцыя стане “пазіцыяй”.

mirnijaskhody1

Некаторыя з удзельнікаў сходу выказаліся за збор подпісаў сярод простых людзей. Контрвыпад супраць такога рашэння зрабіў сябра Партыі БНФ Зміцер Салаўёў:

– Мы ўжо збіралі подпісы за выратаванне Святога возера. Шэсць з паловай тысяч подпісаў! І што? Адмовілі, паставілі подпіс, проста перакрэслілі ўсе адной адмовай.

Намеснік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Барысаў адзначыў, што ў першую чаргу партыям і аб’яднанням трэба адмовіцца ад «адстойніка, у які ўсіх заганяюць»:

– Стадыён на ўскрайку горада, відавочна, не лепшае месца для масавых сходаў. Прапаную проста ўсім палітычным сілам выступіць з адкрытай заявай, што мы адмаўляемся ад гэтага адстойніка і можам збірацца там, дзе лічым патрэбным. Таксама трэба заявіць пра тое, што рашэнне гарвыканкама трэба змяніць. Прычым не проста сказаць, «мы супраць гэтага і гэтага», а спытаць іх рэкамендацыі, «што вы нам можаце прапанаваць замест гэтага». Тады замест простай адпіскі ім прыйдзецца думаць над тым, каб задаволіць нашы запыты, – заўважыў Барысаў.

На працягу ўсяго мерапрыемства адчувалася, наколькі раз’яднаныя і разрознены прадстаўнікі магілёўскай апазіцыі. Тым каштоўней рашэнне, да якога ўсё ж такі прыйшлі ўдзельнікі – выступіць з сумеснай заявай, падпісаным лідэрамі практычна ўсіх магілёўскіх апазіцыйных аб’яднанняў і партый.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў