Магілёўскі суд адмовіў у задавальненні скаргі праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі

Ён спрабаваў абскардзіць адміністрацыйнае спагнанне за ненаведванне сталовай падчас адбыцця пакарання ў Бабруйскай ПК №2.

19 кастрычніка. Магілёў.Суд Ленінскага раёна. Ігар Лазоўскі


Андрэй Бандарэнка падаў скаргу ў суд Ленінскага раёна Магілёва 10 кастрычніка. Паколькі ў дадзены момант ён знаходзіцца ў мясцовай турме, ягоныя інтарэсы прадстаўляў адвакат з Мінска Вадзім Мушынскі.

Згодна з матэрыяламі справы, адміністрацыя бабруйскай папраўчай калоніі №2, дзе праваабаронца сядзеў на той момант, у студзені 2015 года аб’явіла яму вымову за адмову наведаць сталовую падчас абеду.

Сам Бандарэнка сцвярджае, што ў яго не было намеру парушаць унутраны расклад. Падчас абеду ён знаходзіўся ў царкве пры калоніі, дзе здзяйснялася служба. Два мерапрыемствы наклаліся адзін на адное. Адбылося гэта не па яго віне – з-за спазнення святара Аляксандра Фёдарава царкоўны абрад пачаўся пазней прызначанага. Яшчэ да службы праваабаронца звярнуўся да кіраўніцтва калоніі з паведамленнем, у якім выказаў намер наведаць яе, аднак пісьмовага адказу не атрымаў. Бандарэнка абскардзіў вымову ў кіраўніцтва калоніі і ў пракуратуру, але атрымаў адмовы, пасля чаго вырашыў звярнуцца ў суд.

Адвакат Вадзім Мушынскі хадайнічаў аб прысутнасці Бандарэнкі на пасяджэнні, аднак суддзя Алена Дыбленка адхіліла хадайніцтва. Яна пацікавілася, чаму пасля адміністрацыйнага спагнання прайшло больш за год, перш чым Бандарэнка звярнуўся ў суд.

– У ПК №2 у яго была складаная сітуацыя. Ён адчуваў моцны ціск як з боку адміністрацыі, так і з боку некаторых зняволеных. Ён неаднаразова пісаў скаргі адносна гэтага і іншых інцыдэнтаў, але, па ягоных словах, яны не пакідалі нават межы калоніі. Ён не атрымліваў ніякіх адказаў на свае скаргі, з чаго зрабіў выснову, што да адрасата яны проста не даходзілі. Калі яго перавялі ў папраўчую калонію ў Шклове, праблем з карэспандэнцыяй стала менш. Ён паўторна паслаў сваю скаргу ў дэпартамент выканання пакаранняў і ў пракуратуру. Пасля таго, як ён атрымаў апошні адказ з пракуратуры, ён звярнуўся ў суд.

Суддзя зачытала характарыстыку Андрэя Бандарэнкі, прадстаўленую магілёўскай турмой №4. Праваабаронца быў прадстаўлены з негатыўнага боку: схільны да захопу закладнікаў, пыхлівы ў зносінах, меў дзясятак дысцыплінарных спагнанняў, змяшчаўся ў штрафны ізалятар. Адвакат адзначыў, што для гэтай справы гэтая характарыстыка не падыходзіць:

– На момант вымовы ў студзені 2015 года ў яго было толькі адно дысцыплінарнае спагнанне. І ў ШІЗА ён яшчэ не змяшчаўся.

Вадзім Мушынскі хадайнічаў запатрабаваць заяву Бандарэнкі, у якой ён папярэджваў начальства калоніі пра свой намер наведаць царкоўную службу. Таксама ён прасіў выклікаць ў якасці сведкі святара Аляксандра Фёдарава. Суддзя адхіліла абодва хадайніцтвы, патлумачыўшы, што ўсе неабходныя па гэтай справе дакументы ўжо прадстаўленыя ў матэрыялах справы. Адвакат выказаў меркаванне, што супрацоўнікі калоніі прадставілі толькі тое, што было зручна ім, аднак Дыбленка праігнаравала гэтую заўвагу.

У задавальненні скаргі Андрэю Бандарэнку яна адмовіла, спаслаўшыся на заканчэнне тэрміну для абскарджвання. Суддзя адзначыла, што зняволены абскардзіў адміністрацыйнае спагнанне ў дэпартаменце выканання пакаранняў і атрымаў адмову ў ліпені 2015 года. У яго быў месяц, каб накіраваць скаргу ў суд, аднак ён гэтага не зрабіў.

Пасля суда адвакат Мушынскі адмовіўся ад афіцыйных каментароў.

Андрэй Бандарэнка – былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформа Инновэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.На волю ён павінен выйсці 31 сакавіка 2017 года.

Каментар

Ваш e-mail не будзе апублікаваны ( required )

УКантакце

Facebook

Архіў